Прэзідэнт Казахстана склаў з сябе паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы

19 марта 2019

Нурсултан Назарбаеў сёння звярнуўся да народа краіны і падпісаў адпаведны ўказ. Абавязкі прэзідэнта да наступных выбараў (яны па плане пройдуць праз год) будзе выконваць спікер сената парламента Касым-Жамарт Такаеў. За Назарбаевым захоўваецца тытул "Лідара нацыі". Таксама ён застанецца старшынёй партыі "Нур Атан" і ўзначаліць Савет бяспекі.


Нурсултан Назарбаеў быў лідарам Казахстана з 22 чэрвеня 1989 года. У гэты дзень яго прызначылі першым сакратаром ЦК Кампартыі Казахстана. Годам пазней Вярхоўны савет абраў яго прэзідэнтам. Першым дасягненнем на вышэйшай дзяржаўнай пасадзе сам Назарбаеў называе стварэнне незалежнай дзяржавы, якой раней не было на карце свету. 

Адным са знакавых рашэнняў новага лідара стаў перанос сталіцы з Алматы ў Астану. Гэта паклала пачатак новаму этапу развіцця дзяржавы. А горад стаў сімвалам незалежнага Казахстана.

Эксперты адзначаюць і эканамічныя поспехі. Да 2012 года рэспубліка ўвайшла ў клуб 50 самых канкурэнтаздольных эканомік свету. А вось сапраўдным трыумфам Нурсултан Назарбаеў лічыць рэалізацыю праекта ЕАЭС. 

У маі 2014-га лідары Беларусі, Расіі і Казахстана падпісалі ў Астане дагавор аб стварэнні гэтай інтэграцыі. Зусім хутка "вялікая тройка" ператварылася ў "пяцёрку". Аб'яднанне працягвае развівацца і застаецца глабальнай сусветнай эканамічнай сілай. Цікавасць да супрацоўніцтва сёння праяўляюць дзясяткі дзяржаў.

Што да двухбаковых адносін па лініі Мінск - Астана, пік эканамічнага ўзаемадзеяння прыпаў таксама на 2014-ты. Агульны гандаль ад 380 мільёнаў долараў у 2009-м вырас амаль да рэкорднага мільярда. Зараз ёсць усе перадумовы для пакарэння новых вяршынь. Краіны зноў дадалі ў дынаміцы і летась нагандлявалі ўжо на 896 мільёнаў долараў. Галоўны рухавік тавараабароту - прадукцыя беларускага машпрама. Гэта грузавыя аўтамабілі, трактары, камбайны. Паспяхова працуюць у Казахстане і сумесныя зборачныя вытворчасці. Усяго ж беларускі экспарт налічвае больш за 650 таварных пазіцый.

Замацоўвае цесныя міждзяржаўныя сувязі дагавор аб сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Казахстанам. Дакумент разлічаны да 2026 года. Усё больш перспектыў для абедзвюх краін адкрываюць заўсёды эфектыўны палітычны дыялог, агульная прыхільнасць супрацоўніцтву і інтэграцыі на еўразійскай прасторы.