Прэзідэнт: Беларусь не адмаўляецца ні ад аднаго пункта дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, але настойвае на роўных умовах

2 апреля 2020
Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў інтэрв'ю тэлерадыёкампаніі "Мір". Размова атрымалася вельмі грунтоўнай. Гаварылі  і аб еўразійскіх саюзніках, СНД, падрыхтоўцы да юбілею Вялікай Перамогі, эканоміка-палітычнай сітуацыі ў рэгіёне і свеце. Што датычыцца Саюзнай дзяржавы,  то тут пазіцыя беларускага лідара нязменная. 

Закранулі ў інтэрв'ю і тэму, якая сёння хвалюе жыхароў многіх дзяржаў, - жывём і працуем на фоне пандэміі. Размова ішла аб намаганнях, якія прыкладвае Беларусь у барацьбе не толькі з каранавірусам, але і ў цэлым з віруснымі захворваннямі. І тут вопыт нашай краіны можа для многіх служыць прыкладам. Пры гэтым Прэзідэнт заклікаў не забываць, што ёсць маса пацыентаў з іншымі хваробамі, якім таксама патрэбна дапамога. Што датычыцца COVID-19, то яго распаўсюджванне ў Беларусі першапачаткова звязана з завознымі выпадкамі, ці то ў Мінску або Віцебску. У цэлым Прэзідэнт заклікаў не дапускаць панікі і спакойна дзейнічаць у  гэтым становішчы. 

Сітуацыя пад кантролем, утойваць штосьці сэнсу няма. У нас зараз толькі адзінкавыя выпадкі смерцяў ад пнеўманіі, дзе каранавірус даў ускладненні на фоне іншых сур'ёзных праблем са здароўем. Больш за тое, у цэлым па смяротнасці сёлета дынаміка лепшая, чым у мінулыя гады. У найбліжэйшы час плануецца апублікаваць падрабязную статыстыку.

Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што глабальныя гульцы могуць выкарыстаць сусветны крызіс, выкліканы ўспышкай каранавіруса, у сваіх мэтах. Многія ўжо зараз задумваюцца над галоўным пытаннем: што будзе пасля пандэміі? У гэтай сувязі турбуе будучыня краіны. Менавіта таму наш Прэзідэнт настойвае на бесперабойнай працы вытворчасцяў. Усё гэта толькі фрагменты вялікага інтэрв'ю з Кіраўніком беларускай дзяржавы. Плануецца, што яно выйдзе ў эфір заўтра. Патэнцыяльная аўдыторыя тэлерадыёкампаніі "Мір" перавышае 174 мільёны чалавек. Акрамя дзяржаў СНД, калегі вяшчаюць у краінах Балтыі і Украіне.