Прэтэндаваць на ўдзел у выбарах будуць восем чалавек

20 июля 2015

Цэнтрвыбаркам сёння зарэгістраваў яшчэ пяць ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў на пасаду прэзідэнта. У выніку прэтэндаваць на ўдзел у выбарах будуць восем чалавек. Далей будуць сустрэчы з выбаршчыкамі і збор саліднай колькасці подпісаў. Чаму да наступнага этапа выбарчай кампаніі дапусцілі не ўсіх ахвотнікаў заняць самую адказную пасаду ў краіне, раскажа Аляксей Адашкін.

Прыём заяў ад патэнцыяльных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта завяршыўся ў канцы мінулага тыдня. У пятніцу Цэнтрвыбаркам ужо зарэгістраваў тры ініцыятыўныя групы - Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Гайдукевіча і Сяргея Калякіна. Сёння на разглядзе камісіі былі пакеты дакументаў адразу дванаццаці магчымых кандыдатаў.

Для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы неабходна было выканаць некалькі ўмоў. Па-першае, сам прэтэндэнт на пасаду кіраўніка дзяржавы павінен адпавядаць тым патрабаванням, што прапісаныя ў Канстытуцыі. Па-другое, важна, каб у групе падтрымкі патэнцыяльнага кандыдата было мінімум сто чалавек. І яшчэ неабходна было праявіць пунктуальнасць і падаць заяву ў пэўныя тэрміны. Падрыхтоўку пяці ініцыятыўных груп з дванаццаці ЦВК сёння ацаніў станоўча. Астатнія сем за выбарчай кампаніяй будуць сачыць з боку.

Такім чынам, яшчэ пяць патэнцыяльных кандыдатаў прайшлі ў наступны раўнд барацьбы за самую адказную пасаду ў краіне. Сярод іх людзі розных прафесій і сацыяльнага становішча. У прыватнасці, зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы, якія падтрымліваюць настаўніка, эканаміста, вярхоўнага атамана беларускага казацтва і лідара адной з партый. Праўда, яшчэ не факт, што прозвішчы ўсіх з іх змогуць трапіць у выбарчы бюлетэнь. На дадзеным этапе вельмі многае будзе залежаць ад актыўнасці груп падтрымкі.

Мікалай Лазавік, сакратар Цэнтрвыбаркама: "Прынамсі, тут ёсць кіраўнікі партый, якія маюць рэальныя структуры. Гэта людзі, якія жывуць у рэгіёнах. Яны маюць магчымасць сабраць неабходную колькасць подпісаў. Ніхто не сумняваецца, што і кіраўнік дзяржавы зможа выканаць гэтую задачу".

Заўтра ўсе ўдзельнікі ініцыятыўных груп атрымаюць ад Цэнтрвыбаркама пасведчанні і падпісныя лісты. Гэта дасць ім магчымасць ісці ў народ.

Ужо ў чацвер, 23 ліпеня, пачнецца наступны этап выбарчай кампаніі. Ініцыятыўныя групы змогуць пачаць збор подпісаў. На гэта ім адведзена роўна трыццаць дзён - да 21 жніўня. Каб кандыдат быў зарэгістраваны, неабходна сабраць не менш чым 100 тысяч аўтографаў беларусаў. Самі ж выбары прэзідэнта пройдуць 11 кастрычніка.