У перадвыбарнай гонцы пачынаецца агітацыйная кампанія

18 октября 2019
Паралельна праходзіць жараб'ёўка выступленняў на тэлебачанні. У сувязі з гэтым  медыя па ўсёй краіне мабілізуюць свае сілы, рыхтуюць эфірныя студыі. Зусім хутка  кожны выбаршчык зможа ўбачыць і пачуць выступленні кандыдатаў  і азнаёміцца з іх праграмамі. Аб самым яркім этапе перадвыбарнай кампаніі  распавядзе Ганна Кавалёва.


У Беларусі завяршылася рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты 

Ці дакладныя подпісы, сабраныя ў падтрымку і наколькі  праўдзіва прэтэндэнты на дэпутацкі мандат паказваюць свае прыбыткі. Менавіта гэтыя аспекты, як паказала папярэдняя практыка, часцей за ўсё падводзяць вылучэнцаў і менавіта на іх у першую чаргу была засяроджана ўвага выбарчых камісій. Калі ўсё па законе і празрыста - патэнцыяльным прэтэндэнтам - зялёнае святло. 


Выступленні кандыдатаў у дэпутаты будуць размешчаны ў тэле- і радыёэфіры

Пасведчанне кандыдата ў дэпутаты - гэта  прахадны білет у наступны этап кампаніі - агітацыйны. Ён па традыцыі самы яркі. Да яго рыхтуюцца ўжо не толькі кандыдаты, але і медыя і друкаваныя СМІ краіны. 

У тэлерадыёкампаніі "Гомель" праца кіпіць з 8-мі раніцы. Задача - падрыхтаваць студыю для запісу кандыдатаў. На гэты раз ім прапануюць некалькі фарматаў здымкі. Стоячы, седзячы, за тумбай або за сталом - выбар за кандыдатамі. А каб данесці перадвыбарную прамову да кожнага выбаршчыка - у кадры будзе працаваць і сурдаперакладчык. 

Такая работа  зараз ідзе ва ўсіх абласных тэлестудыях. Кандыдатам ад Мінска эфір прадаставяць на тэлеканале "Беларусь 3" Белтэлерадыёкампаніі. Гэтую магчымасць усе ўдзельнікі палітычнай гонкі атрымаюць бясплатна. Першыя выступленні можна будзе ўбачыць ужо 21 кастрычніка. 

У кожнага кандыдата - 5 хвілін на выступленне. Акрамя тэле- і радыёэфіраў у распараджэнні і друкаваныя СМІ. Тэксты перадвыбарных праграм выдання прымаюць да 27 кастрычніка. Паралельна рэзервуецца эфірны час для тэледэбатаў. 


У кандыдатаў ёсць каля месяца, каб правесці сваю агіткампанію

Таксама рыхтуюцца плакаты з біяграфіяй кандыдатаў. Такі навочны матэрыял зойме месца на ўчастках для галасавання. Каб зрабіць гэта,  застаецца тыдзень. Адначасова ідзе і друкаванне лістовак, якія накіруюць выбаршчыкам. 

Месцы, дзе можна праводзіць агітацыю, ужо вызначаныя. У кандыдатаў будзе практычна месяц, каб заявіць аб сабе і заслужыць увагу выбаршчыкаў.  


Тэгі:

#Выборы 2019