Павышэнне эфектыўнасці сумесных праграм Саюзнай дзяржавы

15 июня 2017

Гэтая тэма стала галоўнай на пасяджэнні сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.

Як заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, парламентарыі павінны больш актыўна ўдзельнічаць у падрыхтоўцы дакументаў для развіцця Саюзнай дзяржавы. Яшчэ адным важным пунктам сустрэчы ў Доме ўрада стала збліжэнне заканадаўства ў забеспячэнні роўных правоў грамадзян і, вядома, у пытаннях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Сёння паспрабавалі выпрацаваць і стварыць план дзеянняў на наступныя пяць гадоў.

Уладзімір Андрэйчанка, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі:

"Мы лічым, што патэнцыял Саюзнай дзяржавы сёння скарыстаны не цалкам. Пра гэта гаварылі сёння члены Парламенцкага сходу. Гэта, у першую чаргу, у частцы забеспячэння роўных правоў грамадзян Расіі і Беларусі і пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Таму пазіцыя саюзных парламентарыяў адназначная: трэба нам больш рашуча працаваць на пераадоленне перашкод, якія ёсць. Часцяком яны бываюць надуманымі. Здымаць. На гэта будуць нацэленыя першачарговыя задачы па развіцці Саюзнай дзяржавы, якія распрацоўваюцца на 2018-2022 год".

У працы сесіі прынялі ўдзел прадстаўнікі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, міністэрстваў і ведамстваў Беларусі і Расіі. Сярод сумесных праграм, на якія трэба зрабіць акцэнт, асабліва вылучаныя эканамічныя, якія фарміруюць роўныя ўмовы для суб'ектаў гаспадарання. А таксама праграмы, якія працуюць на ўмацаванне навуковага патэнцыялу Саюзнай дзяржавы.

Рыгор Рапота, Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы:

"Я лічу, што гэта павінна быць адным з ключавых пунктаў нашага расійска-беларускага ўзаемадзеяння. Таму што патэнцыял і там, і там высокі. Без мадэрнізацыі вытворчасці - а тут патрэбна навука - рухацца наперад будзе цяжка, маю на ўвазе эканамічнае развіццё. Навука дае вельмі добры прадукт экспартнай вытворчасці".

Наступны раз саюзныя парламентарыі збяруцца ў Бранску ў снежні. Галоўныя тэмы - сацыяльная палітыка і стварэнне роўных умоў для абароны правоў грамадзян. У прыватнасці, размова пойдзе пра заканадаўства ў сферах аховы здароўя і адукацыі.