Пасол Беларусі Аляксандр Міхневіч уручыў даверчыя граматы бельгійскаму манарху Філіпу

14 сентября 2016

Канструктыўнае і плённае супрацоўніцтва як акцэнт міжнароднай палітыкі Беларусі - яшчэ раз прагучала сёння ў Бельгіі. Чарговым пацвярджэннем міралюбнасці нашай краіны, што праяўляецца ў знешняй палітыцы, стала ўручэнне даверчых грамат паслом Беларусі Аляксандрам Міхневічам бельгійскаму манарху Філіпу. Сёння падчас сустрэчы ў каралеўскай рэзідэнцыі бакі адзначылі не толькі пазітыўную дынаміку дыялогу паміж нашай краінай і ЕС, але і абмеркавалі шэраг пытанняў узаемадзеяння дзвюх краін. Акрамя таго, гаворка ішла аб перспектывах агульных навуковых, адукацыйных і культурных праектаў, а таксама аб супрацоўніцтве ў сферы аховы здароўя.

Дарэчы, падчас сустрэчы ў каралеўскім палацы стаў вядомы да гэтага невядомы шырокай грамадскасці факт. Пасол нашай краіны Аляксандр Міхневіч распавёў манарху, што ў каралеўскай сям'і, а менавіта ў каралевы Мацільды - жонкі Філіпа - ёсць і беларускія карані. Яна далёкая сваячка Сапег па матчынай лініі. Пасля традыцыйнага цырыманіялу разам з нашай краінай сваю афіцыйную дыпламатычную місію сёння пачалі Латвія, Ліхтэнштэйн, астраўная дзяржава Палау і Сінгапур.