Саміт "нармандскай чацвёркі" у Мінску

11 февраля 2015

Пасля прылёту лідары дзяржаў накіроўваюцца да галоўнай пляцоўкі сённяшніх перамоў - ёю стане Палац Незалежнасці. Адгэтуль на працягу ўсяго дня ў прамы эфір выходзяць міжнародныя журналісты з рэпартажамі для сваіх тэлеканалаў. Для асвятлення сустрэчы акрэдытавана 500 прадстаўнікоў СМІ.

Увесь дзень мы трымаем сувязь з маім калегам Андрэем Крывашэевым (прамое ўключэнне).

Мы працягваем сачыць за ходам мінскага саміту па вырашэнні найцяжэйшага ваенна-палітычнага канфлікту ва Украіне. Гэты саміт сумяшчае адразу два фарматы перамоў - "мінскі" і "нармандскі". Як цэнтр еўрапейскай і сусветнай дыпламатыі Мінск абраны невыпадкова. Менавіта тут у жніўні - верасні мінулага года атрымалася спыніць актыўныя баявыя дзеянні і тым самым прадухіліць гібель тысяч людзей. Ключавыя еўрапейскія палітыкі і дыпламаты разлічваюць паўтарыць поспех мінулага года.

 Беларусь і Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка асабіста не раз заяўлялі, што прыкладуць усе намаганні, каб спыніць вайну. Менавіта таму Мінск прымаў і прымае любыя фарматы мірных перамоў і высоўвае ўласныя міратворчыя ініцыятывы. Пераважная большасць экспертаў як нацыянальных, так і замежных прызнаюць, што лепшага месца і атмасферы для перамоў знайсці сёння было проста немагчыма.

Ключавыя перамовы вялікай чацвёркі пройдуць сёння ў Палацы Незалежнасці. Чакаем прыбыцця лідараў з хвіліны на хвіліну. Не выключана, што, апроч пасяджэння на ўзроўні прэзідэнтаў Расіі, Украіны, Францыі і канцлера Германіі, сёння магчымыя сустрэчы ў двухбаковым фармаце. Таксама, паводле інфармацыі агенцтва ТАСС, у Мінску можа прайсці і сустрэча на ўзроўні міністраў замежных спраў. Ад гэтага маштабнага дыялога насамрэч чакаюць прарыўных пагадненняў. Большасць удзельнікаў перамоў і аналітыкаў ужо заявілі, што цяперашні саміт - гэта, магчыма, апошні шанец знайсці мірнае рашэнне. І першым павінна стаць поўнае спыненне агню, адвод цяжкага ўзбраення, стварэнне дэмілітарызаванай зоны і вырашэнне гуманітарнай трагедыі.
Менавіта аб гэтым у інтэрв'ю нашаму тэлеканалу заявілі журналісты, якія працуюць у гэтыя хвіліны ў прэс-цэнтры.

Хачу звярнуць увагу, што цікавасць сусветнай прэсы да Беларусі, Мінска і мірнага саміту вялізная. Ніколі раней гэты невялікі пятачок беларускай сталіцы не прымаў такую колькасць аўтарытэтных выданняў. Акрэдытацыю ўжо атрымалі больш як 500 прадстаўнікоў СМІ, і акрэдытацыя працягваецца. Побач з намі ў прамы эфір выходзяць такія гіганты інфармацыйнага поля планеты, як "Рэйтэрс", "Еўраньюс", "Раша тудэй", трансляцыю вядуць журналісты з Кітая, Расіі, ЗША, Японіі, Вялікабрытаніі, Польшчы і яшчэ некалькіх дзясяткаў дзяржаў. Г.з. практычна ў прамым эфіры ад Палаца Незалежнасці без перабольшання ўвесь свет сочыць за ходам перамоў.

Працягваем працаваць на галоўнай дыпламатычнай пляцоўцы гэтага лёсавызначальнага дня і мы. Самыя свежыя і аператыўныя навіны ў новых уключэннях з месца падзей і ў найбліжэйшых выпусках навін.