Палітычным партыям Беларусі пара вызначыцца

15 апреля 2015

Палітычным партыям Беларусі пара вызначыцца, каго яны будуць вылучаць у кандыдаты на выбарах прэзідэнта - 2015. І вызначыцца, у першую чаргу, унутры сваіх арганізацый. Такое меркаванне сёння выказаў сакратар ЦВК нашай краіны Мікалай Лазавік у Барысаве падчас вялікага навучальнага форуму для актыву "Белай Русі". 

Галоўнай тэмай практычнага семінара стала маючая адбыцца палітычная кампанія, якая пройдзе ўжо ў адпаведнасці з абноўленым выбарчым заканадаўствам. Прадстаўнікі найбуйнейшага грамадскага аб'яднання, а таксама ідэолагі Мінскага рэгіёна атрымалі магчымасць даведацца ўсе нюансы падрыхтоўкі і правядзення выбараў. Асаблівы акцэнт падчас дыскусіі быў зроблены на асаблівасці правядзення выбараў у рэгіёнах.

Мікалай Лазавік, сакратар Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў: "Рэгіён непасрэдна працуе на месцах, з выбаршчыкамі, яны бліжэй ведаюць тыя праблемы, тыя, магчыма, нявырашаныя пытанні, а да выбараў павінны ісці як мага з меншай колькасцю нявырашаных пытанняў, каб людзі разумелі, адчувалі, што пра іх клапоцяцца, што ўлада прымае канкрэтныя меры па вырашэнні сацыяльных і бытавых праблем. Для гэтага і павінны мясцовыя ўлады сустракацца, абмяркоўваць праблемы і накіроўваць свае намаганні на паспяховае вырашэнне гэтых праблем".

Таццяна Пракапенкава, намеснік старшыні Барысаўскай раённай арганізацыі РГА "Белая Русь": "Гэтыя семінары, якія мы праводзім, яны дапамагаюць структураваць веды аб выбарчай сістэме, дапамагаюць людзям прыходзіць на выбарчыя ўчасткі і арганізоўваць гэту працу спакойна і якасна. Заўсёды вельмі важна, што прадстаўнікі "Белай Русі" прыкметныя і могуць даць кансультацыю любому выбаршчыку".

Тут жа на форуме сёння ўпершыню былі агучаны і вынікі вялікага маніторынгу, які правялі спецыялісты Інстытута сацыялогіі Акадэміі навук Беларусі. Менавіта "Белая Русь" першай з усіх грамадскіх аб'яднанняў звярнулася да навукоўцаў з прапановай супрацоўнічаць на этапе падрыхтоўкі і правядзення палітычных кампаній.

Ігар Катляроў, дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, доктар сацыялагічных навук, прафесар: "Мы толькі закончылі апошні этап маніторынгу. Вынікі чарговы раз пацвярджаюць, што Беларусь адбылася як моцная незалежная краіна, што Беларусь адбылася на міжнароднай арэне і яе паважаюць, што людзі цудоўна разумеюць, што будзе зроблена ўсё, каб праблемы вырашыць. Мы чакалі больш песімістычных настрояў, як, напрыклад, у тым жа Інтэрнэце, але людзі ўсё бачаць і ўсё разумеюць".

Вырашэнне праблем беларусаў - гэта асобны кірунак працы "Белай Русі". У краіне сёння адкрыты больш за 160 грамадскіх прыёмных. Як было заяўлена сёння, падчас выбарчай кампаніі яны пяройдуць на адмысловы рэжым працы - дзверы грамадскіх прыёмных будуць адчынены даўжэй, чым звычайна.