Падабраць ключ да рэгіянальнай бяспекі. Міжнародны форум "Мінскі дыялог" стартаваў

23 мая 2018

Мінск ізноў у цэнтры ўвагі палітыкаў і экспертаў з усяго свету. Паўсотні гасцей з сарака краін збірае пад адным дахам форум "Мінскі дыялог". Мэта зразумелая: дыпламаты, палітолагі і эксперты хочуць падабраць ключ да рэгіянальнай бяспекі. Геапалітычны разлом адбыўся даўно і паправіць яго не атрымліваецца. Сабрацца ў такім фармаце прапанаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка летась на Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Сярод пытанняў - Украіна, Сірыя, санкцыённае супрацьстаянне ЗША і Расіі і гарачы Блізкі Усход. Зусім нядоўга засталося да пачатку перамоў.

З месца падзей перадае наш карэспандэнт Аляксей Волкаў (прамое ўключэнне).

Эксперты займаюць месцы ў зале. Тут літаральна з хвіліны на хвіліну стартуе форум "Мінскі дыялог". Адкрые цэлы перагаворны марафон міністр замежных спраў Уладзімір Макей. А затым прама без перапынку палітолагі і дыпламаты па макулінках пачнуць збіраць тое, што можа стаць "Хельсінкі-2" (назва рабочая).

Лейтматыў гэтай сесіі - новае бачанне свету. Г. зн. палітычныя палюсы пара размагніціць, без гэтага перапісаць матрыцу міжнароднай бяспекі нельга. Цікава, што дыялог праходзіць у зале пад назвай Falcon - сокал, такая альтэрнатыва арлу, каршаку і іншым геапалітычным сімвалам ХХ стагоддзя.

Яшчэ адзін феномен, які эксперты не абмінуць, - "палітыка постпраўды". Яна заключаецца ў тым, што уладныя людзі іграюць на эмоцыях народа, ігнаруючы факты. Адсюдь і тыя самыя фейкавыя навіны. Часта гэтая зброя мацнейшая за бомбу. Падзеі ў сірыйскай Думе таму прыклад. У той жа спіс інфармацыйных войнаў можна ўпісаць усход Украіны, барацьбу прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, здаецца, з усімі журналістамі дома храбрых. А ад гэтых амерыканскіх горак хістае і сусветную эканоміку.

І, здавалася б, гэта далёка ад Беларусі, але міжнародная бяспека, як клубок, - пацягні за нітку і пацягнецца ўвесь. Таму Мінск і прапанаваў такі фармат дыялогу. Краіны пагадзіліся. І я думаю, што ўжо ў найбліжэйшыя гадзіны можна будзе гаварыць аб першых выніках.