Амаль палова ўдзельнікаў сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Мінску пацвердзіла рэгістрацыю

27 апреля 2017

Амаль палова ўдзельнікаў летняй сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая пройдзе ў Мінску, ужо пацвердзіла рэгістрацыю на форум. Пра гэта сёння журналістам расказаў віцэ-спікер Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук.

Нагадаем, сесія Асамблеі пройдзе ў нашай краіне ўпершыню і пачнецца 5 ліпеня. Яна збярэ ў сталіцы каля 700 гасцей з 57-мі краін. Ключавымі тэмамі стануць тэрарызм, кібербяспека, зацяжныя канфлікты, змяненне клімату, а таксама міграцыя і ўмацаванне механізмаў АБСЕ па забеспячэнні правоў чалавека. На пачатку тыдня беларускія парламентарыі на чале з віцэ-спікерам сталі ўдзельнікамі пасяджэння Бюро Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Капенгагене, дзе заявілі аб гатоўнасці правядзення сесіі ў Мінску.

Баляслаў Пірштук, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: "У нас усё ідзе згодна з планам. Зараз мы знаходзімся строга ў тым графіку, які для сябе намецілі. У нас няма абсалютна ніякіх сумненняў, што да гэтага важнага ключавога мерапрыемства мы падыдзем з поўнай гатоўнасцю. Менавіта беларускі бок сфармуляваў тэму сесіі, з якой пагадзіліся нашы калегі - умацаванне ўзаемнага даверу і супрацоўніцтва ў імя міру і росквіту ў рэгіёне АБСЕ".

На пачатку мая Мінск наведае дэлегацыя Міжнароднага сакратарыята Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Госці ацэняць гатоўнасць краіны да прыняцця маштабнага форуму. Нагадаем, летняя сесія - гэта найбольш значная падзея ў рабоце Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Менавіта тут выбіраюць кіраўніцтва, прымаюцца дэкларацыі і рэзалюцыі.