Ганаровае консульства Беларусі запрацавала ў Барселоне

27 сентября 2018

Цырымонія адкрыцця прайшла з удзелам высокіх гасцей з іспанскага ўрада паводле ўсіх правілаў дыпламатычнага пратаколу з уручэннем спецыяльнага сведчання. Пасол Беларусі ў Францыі, Іспаніі і Партугаліі па сумяшчальніцтве Павел Латушка назваў адкрыццё консульства найважнейшай знешнепалітычнай падзеяй у гісторыі дзвюх краін. У дыпколах упэўненыя: гэта станоўча адаб'ецца на павелічэнні ўзаемнага турыстычнага патоку, а таксама спросціць працу для прадстаўнікоў бізнесу.

Павел Латушка, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі, Іспаніі, Партугаліі і Манака па сумяшчальніцтве: "Мы наглядаем актывізацыю нашых кантактаў у эканамічнай сферы, у сферы турызму, у сферы культуры, міжчалавечага абмену. Вельмі важна, што супрацоўнічаюць моладзевыя арганізацыі, што мы адкрылі наша дыпламатычнае прадстаўніцтва ў горадзе Мадрыдзе. Іспанія - адна з найбуйнейшых краін - членаў Еўрапейскага саюза. Беларусь зацікаўленая ў тым, каб мець добрыя, канструктыўныя, узаемакарысныя адносіны з гэтай краінай".

У Беларусі і Іспаніі добрая гісторыя ўзаемаадносін. У Мадрыдзе адкрыта беларускае пасольства, а з 2015-га ў курортным Алікантэ ўжо працуе ганаровае консульства Беларусі. Паводле звестак іспанскіх улад, у Каталоніі жывуць амаль дзве тысячы нашых суайчыннікаў, а Барселона ў нашых турыстаў - адзін з самых папулярных маршрутаў. Толькі Белавія па гэтым кірунку перавезла летась больш як 40 тысяч турыстаў.