Першы рабочы дзень новай каманды Савета Міністраў

20 августа 2018

Сёння першы рабочы дзень абноўленага ўрада. Прадстаўленні прэм'ера, намеснікаў, новых кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў. Прадстаўляючы новага кіраўніка Саўміна, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава адзначыла, што спадзяецца на эфектыўную, сумесную і плённую працу, бо задачы адзіныя. Гэта і рост эканомікі, і пытанні працы з насельніцтвам у вырашэнні штодзённых праблем. Але галоўнае - выкананне даручэнняў пятага Усебеларускага сходу, агучаных падчас Паслання народу і парламенту, а таксама на профільных нарадах і семінарах. Першыя заявы новых кіраўнікоў, задачы для кожнага ведамства і ўсяго Савета Міністраў - у рэпартажы Святланы Лук’янюк.

Сёння панядзелак, 20 жніўня. Першы рабочы дзень новай каманды Савета Міністраў. Ацэнку старту і першых практычных крокаў дадуць, думаю, праз вядомыя 100 дзён. Значыць, напрыканцы лістапада. Ад абноўленага ўрада (яшчэ гавораць самага маладога складу Кабінета міністраў) чакаюць свежых ідэй у вырашэнні ўжо абазначаных арыенціраў. Галоўны з іх - рост дабрабыту людзей. Дэталёва абмяркоўваць план дзеянняў на сваіх рабочых месцах будуць ужо заўтра, ну а сёння дзень прадстаўленняў новых кіраўнікоў у сваіх калектывах.

Раніцай у самай вялікай зале левага крыла Дома ўрада увесь апарат Саўміна. Першыя абмеркаванні аб рабоце разам і віншаванні з прызначэннем. Асобы ва ўрадзе новыя і ад іх чакаюць многага. Але вынік тады ў дзясятачку, калі ёсць зладжанасць дзеянняў міністэрскага вектару і Адміністрацыі Прэзідэнта. Наконт гэтага гаварыла Наталля Качанава, прадстаўляючы новага прэм'ера і яго каманду. У працы ўрада не можа быць дробязяў. А значыць трэба бачыць за вялікімі планамі людзей - тых, хто жыве ў невялікіх гарадах

Наталля Качанава, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі: "Трэба рабіць так, каб выканаць пастаўленыя Прэзідэнтам задачы, каб развіваліся ўсе рэгіёны ў нашай краіне. Нельга думаць пра тое, што толькі ў Мінск людзі прыедуць і будуць працаваць. Павінны быць высокаэфектыўныя прадпрыемствы ў кожным горадзе і раёне, каб людзі разумелі, што ў іх ёсць праца".

Арыенціры гэтыя гучалі і на пятым Усебеларускім сходзе, падчас Паслання народу і парламенту, на нарадах і семінарах ды і падчас паездак Прэзідэнта па рэгіёнах, дзе як на далоні відаць, чым жывуць людзі ў глыбінцы. Рэзанансная аршанская інспекцыя паказала: на паперы ды і з параднага ўваходу ўсё выглядае нядрэнна. Але крыху капнуць - і праблемы ў наяўнасці.

Таму пасля падпісання ўказа аб прызначэнні абноўленай каманды ўрада Прэзідэнт дакладна абазначыў галоўныя акцэнты: ад дысцыпліны і прыстойнасці ўлады напрамую залежыць дабрабыт людзей.

Гэта падкрэсліў сёння і прэм'ер Сяргей Румас, назваўшы новае крэсла самым адказным этапам у сваім жыцці і ў той жа час выклікам. Умелы кіраўнік, ён ужо працаваў ва ўрадзе ў цяжкія часы дэвальвацый і дэфіцыту, пасля паспяхова кіраваў Банкам развіцця, які ажыўляў нашу дрэваапрацоўку. Зараз у руках увесь эканамічны штаб.

Сяргей Румас, Прэм'ер-міністр Беларусі: "Задачы ўсе вядомыя, яны вызначаны нашымі праграмнымі дакументамі, і не варта чакаць нейкай рэвізіі гэтых прынятых рашэнняў альбо рэвалюцыйных разваротаў. Кіраўнік дзяржавы пры прызначэнні новага складу ўрада зрабіў акцэнты на такіх рэчах, як дысцыпліна, прыстойнасць і згуртаванасць. Акрамя таго, шмат увагі было нададзена росту дабрабыту насельніцтва. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта асноўная ацэнка працы ўрада".

Аляксандр Турчын на пасадзе першага намесніка будзе адказваць за эканоміку, IT і фінансавы сектар. Уладзімір Кухараў - за транспарт, будаўніцтва і ЖКГ, Ігар Ляшэнка - за нафтахімію і прамысловасць, а сацыяльная сфера ў полі зроку Ігара Петрышэнкі, аграрная застаецца ў Міхаіла Русага. Але ў найбліжэйшы час прэм'ер абазначыць для кожнага больш дэталёва ўсе функцыі ва ўрадзе.

Праз тыдзень на прэзідыуме разгледзяць прагноз развіцця на наступны год. Аб гэтым гаварылі сёння на прадстаўленні Дзмітрыя Крутога міністрам эканомікі. Раней ён займаў пасаду першага намесніка і добра знаёмы з унутранай кухняй. Ад яго чакаюць новых ідэй і рашэнняў, але не адарваных ад жыцця. У тым ліку і па ўстойлівасці нашай эканомікі да знешніх шокаў.

Пажаданне ад прэм'ера гучыць дакладна і зразумела: Міністэрства эканомікі - ядро эканамічнага штаба. З такой пазіцыі і трэба працаваць. Аснова закладзена ранейшым кіраўніком Уладзімірам Зіноўскім. І яна ўжо дае плён. ВУП Беларусі расце другі год запар, нават вышэйшы за прагноз.

Прычым у агульную скарбонку ўкладваецца не толькі прамысловасць, традыцыйная наша экспартная выручка, але і IT-сектар.

Менавіта таму ў фокусе ўвагі Міністэрства сувязі павінна быць лічбавізацыя ўсёй эканомікі: ад "Індустрыі 4.0" у прамысловасці і дакладнага земляробства ў сельскай гаспадарцы да электроннай медыцыны. Гэта заявіў першы віцэ-прэм'ер Александр Турчын, прадстаўляючы калектыву новага кіраўніка ведамства. Міністрам сувязі і інфарматызацыі, нагадаем, стаў Канстанцін Шульган. Паўтара года таму Прэзідэнт аб'явіў курс на пабудову IT-краіны. Многае ўжо зроблена. Прыняты дэкрэт аб лічбавай эканоміцы. Дзякуючы дакументу экспарт паслуг у Парку высокіх тэхналогій упершыню перавысіў мільярд долараў, значна павялічылася колькасць рэзідэнтаў.

Аляксандр Турчын, першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: "Гэта, можна сказаць, першыя крокі па пабудове IT-краіны. Сёння настае час наступнага этапа. Следам за паркам, за IT-сферай павінна падцягвацца і ўся астатняя эканоміка".

Канстанцін Шульган, Міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі: "Мы прадэкларавалі, што база электроннага ўрада пабудаваная, зараз неабходна развіццё. Развіццё ў плане паслуг як для насельніцтва, для бізнесу, так і для галін. Гэта праца ў плане электроннай аховы здароўя, наступнае - гэта электронная адукацыя. І, вядома, хацелася б прапрацаваць нейкія базавыя рэчы па электроннай прамысловасці".

Па гэтых пытаннях новы кіраўнік Мінсувязі будзе працаваць у цеснай звязцы з Паўлам Уцюпіным. Ён цяпер з партфелем міністра прамысловасці. Сфера для яго знаёмая: амаль 6 гадоў ён прапрацаваў у гэтым ведамстве намеснікам, а пасля і намеснікам у Мінэканомікі. Зараз гатовы да распрацоўкі новых прадуктаў і мадэрнізацыі прадпрыемстваў.

Пралічваць і бачыць на некалькі крокаў наперад - гэта і план дзеяння для новага кіраўніка Мінбудархітэктуры. Дзмітрыя Мікулёнка калектыву прадставіў віцэ-прэм'ер Уладзімір Кухараў. Сёння будаўніцтва - лакаматыў эканомікі, таму і навідавоку. Новы міністр анансаваў перазагрузку ў галіне, заклікаўшы будаваць не толькі прыгожа, але і на стагоддзі.

Дзмітрый Мікулёнак, Міністр архітэктуры і будаўніцтва Беларусі: "Мне важна будзе як міністру, каб будаўнічыя арганізацыі і прадпрыемствы, якія задзейнічаны ў будаўнічым комплексе, працавалі бясстратна. Аб'ёмы, якія будуць даводзіцца, будуць даводзіцца цэнтралізавана. Гэта задача стратэгічная. Задача, якая тычыцца непасрэдна працы саміх калектываў, - гэта задача найважнейшая. Стабільная праца і бясстратная праца".

Прадставілі сёння і новага кіраўніка Дзяржкамваенпрама. Старшынёй ведамства стаў Раман Галоўчанка. Да гэтага наш дыпламат у Эміратах. Працаваў і ў Ваенна-прамысловым камітэце. Таму стварэнне найноўшых відаў тэхнікі для беларускай арміі і на экспарт бачыць прыярытэтам у сваёй працы.

Раман Галоўчанка, Старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі: "Я планую наведаць усе прадпрыемствы, азнаёміцца з іх працай, што адбываецца на іх, з калектывамі пагутарыць, якія праблемныя пытанні вырашыць. Зразумела, самую пільную ўвагу я надам выкананню дзяржпраграмы ўзбраення, дзяржзаказу і тым інавацыйным праектам па стварэнні новых узораў узбраення і тэхнікі, якія зараз знаходзяцца ў распрацоўцы".

Што тычыцца праблемных пытанняў, у прыватнасці, прадпрыемства "Тэхніка сувязі", якое наведаў Прэзідэнт, то тэрміны навядзення парадку там ужо вызначаны - да канца верасня.

У кожнага з прызначаных кіраўнікоў свае арыенціры і свае даты, крокі іх дасягнення. Галоўнае - трымаць руку на пульсе і бачыць, што адбываецца вакол, каб рэагаваць імгненна і разам. Разам. Адной камандай. Тады і атрымаецца вынік.