Першыя вынікі Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі

9 июня 2016

Актывізацыя супрацоўніцтва ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, адукацыі і турыстычнай сферы. Так можна ахарактарызаваць першыя вынікі Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Калі гаварыць мовай лічбаў, то падпісана амаль 40 пагадненняў, заключана 150 кантрактаў на 300 мільёнаў долараў. Пра маштабнасць і глабальнасць мінскага форуму гаворыць і колькасць удзельнікаў - каля тысячы чалавек. У Беларусь прыехалі кіраўнікі і прадстаўнікі кампаній і прадпрыемстваў з сарака расійскіх рэгіёнаў. На думку прэзідэнтаў дзвюх краін, галоўны ключ да пераадолення цяжкасцяў у эканоміцы - інтэграцыя, абмен новымі тэхналогіямі і сумесныя праекты. Вынікі трэцяга Форуму рэгіёнаў актыўна пракаменціраваў пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў. Як будуць развівацца адносіны дзвюх краін? Якія праекты атрымалі развіццё? І як выглядае курс на збліжэнне? Галоўныя акцэнты трэцяга Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў матэрыяле Сяргея Хамянтоўскага.

Трэці Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі пабіў усе рэкорды. У Мінск з'ехалася вялізная колькасць удзельнікаў - кіраўнікі паловы суб'ектаў Расійскай Федэрацыі. І хаця цяперашні форум быў з гуманітарным ухілам, галоўнай тэмай сустрэч і перамоў стала эканоміка. Калі манетызаваць мінскія пагадненні і дамоўленасці, выходзіць без малога чвэрць мільярда долараў.

На традыцыйнай прэс-канферэнцыі пасла Аляксандра Сурыкава напярэдадні Дня Расіі, які святкуецца 12 чэрвеня, гучала шмат адказаў на актуальныя пытанні расійска-беларускіх адносін. Закрануў дыпламат і Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, што прайшоў у Мінску.

Яго палітычны вынік зразумелы - візіт Уладзіміра Пуціна ў Мінск стаў выразным сігналам: Расія падтрымлівае і будзе падтрымліваць братэрскую краіну.

Аляксандр Сурыкаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расіі ў Беларусі: "Трэба нарошчваць, акрамя кааперацыйных, інтэграцыйныя працэсы. Учора выдатныя словы сказаў Аляксандр Лукашэнка на форуме аб тым, што нам трэба не канкурыраваць паміж сабой, а працаваць разам. Гэта значыць стварэнне сумесных гіганцкіх інтэграцыйных прамысловых структур на базе эканомікі, каб яны, валодаючы вялікім запасам трываласці, маглі надаваць увагу інавацыйным працэсам, тэхналагічнаму пераабсталяванню, канкурыраванню на рынках".

Галоўны меседж, што прагучаў з трыбуны форума, - Расія і Беларусь павінны сумесна нарошчваць канкурэнтнасць сваіх эканомік.

Пры адсутнасці роўнадаходных цэнаў на газ развіваць сваю народную гаспадарку Беларусі больш складана. За апошні год сітуацыя на сыравінным рынку змянілася. Эксперты гавораць, што ў Мінска ёсць аргументы, якія дазваляюць настойваць на пераглядзе формулы цаны.

Аляксандр Сурыкаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расіі ў Беларусі: "Яшчэ будуць размовы. Але хацелася б, каб ва ўсіх дзеяннях партнёраў прысутнічала логіка. Калі мы падпісалі кантракт, і ў нас ёсць сумненні па гэтым кантракце, што адбываецца па газе (і сумненні не заўсёды неабгрунтаваныя), то трэба, выконваючы кантракт, дамаўляцца, як яго перайначыць. Трэба знайсці лагічныя рашэнні. Думаю, што разуменне гэтага прыйшло, і дамоўленасці далей пойдуць больш паспяхова".

У Мінсельгасхарчы сёння беларусы і сахалінцы дамовіліся хутка. З такім далёкім і такім блізкім расійскім рэгіёнам у нас надзейныя гуманітарныя сувязі. Зараз час умацаваць эканамічныя кантакты.

Трэці Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў прамым сэнсе пайшоў у рэгіёны. Сёння ў горадзе над Бугам губернатары дзвюх абласцей - Калініградскай і Брэсцкай - падпісалі дарожную карту супрацоўніцтва.

Асаблівая цікавасць да будаўнічай галіны. Брэсцкія спецыялісты-будаўнікі ўдзельнічаюць ва ўзвядзенні стадыёна ў Калінінградзе да чэмпіянату свету па футболе. На чарзе жылы мікрараён у горадзе Гусеў.

Актывізаваць гандаль дамовіліся ўрад Рэспублікі Комі з Гродзенскім рэгіёнам. На сустрэчы размова ішла наконт імпарту паперы і кардонных вырабаў з Комі і экспарту з Беларусі харчавання і асабліва цукру.

Форум рэгіёнаў завяршыўся, але яго практычная пляцоўка - міжнародная выстава "Белагра" - працягвае працаваць. Калі ўчора асаблівую ўвагу прыцягвала тэхніка, то сёння на "Белагра" выбіралі самую прыгожую і ўдойную карову.

Гэта вам не 90-60-90. Пазмагацца за першае месца прыехалі бурыя з усіх абласцей. Карміцелек сяла не бянтэжыла ні ўвага гледачоў, ні ўспышкі фотакамер. Прыгажуні елі сена і давалі сябе гладзіць. Журы ацэньвала канкурсантак па выглядзе, пародзе, канстытуцыі і прадукцыйнасці.

Заўтра на "Белагра" чакаюць дэпутацыю Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Пра тое, як павялічыць сумесную эканоміку і разам супрацьстаяць крызісным з'явам, будуць думаць на чацвёртым Форуме рэгіёнаў. Гавораць, ён пройдзе ў Санкт-Пецярбургу. Калі на першым Форуме рэгіёнаў абмяркоўвалі аграрную палітыку, на другім - прамысловую, на трэцім сацыяльныя пытанні, то на чацвёртым на першы план выйдуць інавацыі.