Першае пасяджэнне новага складу парламента пачалося з выбараў кіраўніцтва

6 декабря 2019
Палата прадстаўнікоў 7-га склікання пачала сваё першае пасяджэнне. Па традыцыі ў Авальнай зале Дома ўрада яго адкрыла кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. На парадку дня - выбар кіраўніцтва ніжняй палаты беларускага парламента. Таксама дэпутатам трэба вызначыць пералік пастаянных камісій.  

Першыя вынікі працы даведаемся ў нашага карэспандэнта Вікторыі Антоненкавай (прамое ўключэнне). Нягледзячы на тое што для дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання гэта першы рабочы дзень, у кулуарах і Авальнай зале святочная атмасфера. Сапраўднае ўпрыгажэнне сёння - жанчыны. Дарэчы, у гэтым скліканні прадстаўніц прыгожага полу стала больш. Ім належыць больш як траціна галасоў. 

Такім чынам, першае рашэнне дэпутатаў сёмага склікання прынята. Як і папярэднія тры скліканні, узначальваць Палату прадстаўнікоў будзе Уладзімір Андрэйчанка. Вопытны дэпутат, палітык, на гэтай пасадзе Уладзімір Паўлавіч больш за дзесяць гадоў. Ва ўступным слове спікер пазначыў галоўныя задачы, якія стаяць перад ніжняй палатай парламента.

Сярод асноўных кірункаў працы парламента Уладзімір Андрэйчанка назваў паляпшэнне ўмоў вядзення бізнесу, развіццё інавацыйнай дзейнасці, фінансавага рынку, бюджэтнай і сацыяльнай сфер, працу з моладдзю, дэмаграфічную палітыку, умацаванне міжнародных адносін.

110 крэслаў у Авальнай зале з гэтага дня падзялілі на чатыры гады наперад. Пераемнасць захоўваецца, 30 дэпутатаў перавыбраныя з шостага ў сёмае скліканне. Сёння ніжняй палаце парламента яшчэ трэба выбраць віцэ-спікера, вызначыць пералік пастаянных камісій і іх кіраўніцтва.