Парламенцкая кампанія - 2019. Ідзе вылучэнне кандыдатаў

22 сентября 2019

І ў рэгіёнах, і ў Мінску прыкметней становіцца парламенцкая кампанія. Якраз зараз ідзе вылучэнне кандыдатаў. Тых, хто рыхтуецца пазмагацца за дэпутацкі мандат, але галоўнае - за давер людзей. Усё часцей вы можаце бачыць працу ініцыятыўных груп або вам могуць патэлефанаваць у кватэру з прапановай падпісацца за патэнцыяльнага кандыдата. Для вулічных пікетаў імкнуцца падабраць самы ўдалы час. Звычайна гэта перыяд з 4 да 6 вечара, калі большасць людзей вяртаецца з працы дахаты.

Дакументы аб жаданні балатавацца магчымым прэтэндэнтам неабходна падаць да 7 кастрычніка. Каб пазбегнуць адмоў у рэгістрацыі, лепш дбайна пераправерыць пакет дакументаў. Гэта рэкамендацыя ЦВК.

У цэлым выбарчая кампанія - 2019 праходзіць неканфліктна. Менавіта так у Цэнтрвыбаркаме ацэньваюць цяперашні этап. Даць ацэнкі палітычнай гонцы падчас размовы з Аляксандрам Лукашэнкам папрасілі супрацоўнікі прадпрыемства "Карэлічы-Лён". Маўляў, кампанія пачынае нагадваць ток-шоу. Людзей хвалюе перадвыбарны шум. Кіраўнік дзяржавы засведчыў: усё правядзём спакойна! Прыкладна гэтая ж думка - аб неабходнасці шырокага прадстаўніцтва ў парламенце ўсіх пластоў грамадства - гучала ад Прэзідэнта на сустрэчы са спікерам Уладзімірам Андрэйчанкам. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што парламент іграе вялікую ролю для стабільнасці грамадства. Дзеючы склад Палаты прадстаўнікоў завяршае працу.

"Ёсць за што сказаць дзякуй" - прыкладна так растлумачыць беларускі лідар сваё жаданне сустрэцца з цяперашнім скліканнем дэпутатаў пасля заканчэння іх працы. Не выпадкова. Канструктыўны і адэкватны парламент сёння дарагога каштуе. У многіх краінах заканадаўчая пляцоўка становіцца полем бою і арэнай для дэманстрацыі палітычных амбіцый. Гэта мы бачым у нашых суседзяў - то ў Радзе, то ў Думе.

Авальная зала застаецца месцам для заканатворчасці і разумных дыскусій. Лагічна, што завяршыць сваю працу цяперашні склад дэпутатаў хоча добра, падчысціўшы ўсе хвасты і не пакінуўшы грузу незавершаных законапраектаў для новых дэпутатаў.


Тэгі:

#Выборы 2019