Ппарламентарыі адобрылі праграму дзейнасці да канца 2015

25 февраля 2015
На працягу года ў Беларусі могуць скарэктаваць бюджэт, з'явяцца іпатэчныя крэдыты на жыллё і электронныя рэцэпты, прадоўжыцца будаўніцтва АЭС. Сёння дэпутаты ратыфікавалі абноўленае беларуска-расійскае пагадненне. Усе прапановы новага прэм'ера і яго каманды вывучыла Ілона Красуцкая.

За 4 дні да Новага года Аляксандр Лукашэнка радыкальна абнаўляе склад урада. Новыя асобы ў Адміністрацыі Прэзідэнта і фінансавай сферы. Перад наваспечанымі кіраўнікамі Прэзідэнт краіны адразу ставіць шэраг задач. Першарадная - забяспечыць устойлівае і збалансаванае развіццё эканомікі. Тады дамовіліся, што адказнасць за выкананне гэтага даручэння падзеляць Нацбанк і ўрад.

Тады кадравыя рашэнні Прэзідэнта надоўга замацаваліся ў стужках інфармагенцтваў. Відавочна, цікавасць прэсы не згасла дагэтуль. Праз два месяцы новы прэм'ер Андрэй Кабякоў і яго каманда прэзентуюць праграму дзейнасці ўрада на 2015 год. Каб не дапусціць памылак, сумесна з Нацбанкам падрыхтавалі 3 сцэнарыі развіцця эканомікі. У кожным асобныя меры рэагавання і эканамічнай балансіроўкі. Прагнозы сфарміраваны ў залежнасці ад цаны на нафту і дынамікі курсу расійскага рубля. У якасці базавага для Беларусі на гэты год узяты разлік: кошт нафты 50 долараў за барэль і 62 расійскія рублі за долар. Ва ўрадзе не выключаюць, што на працягу года могуць адкарэктаваць галоўны фінансавы дакумент. Аднак асноўны вектар - сацыяльны - застанецца ранейшым.

Андрэй Кабякоў, Прэм'ер-міністр Беларусі: "Што тычыцца сацнакіраванасці, яна цалкам захоўваецца. Нават пры сцэнарыі 50/62 мы рэалізуем гэта рашэнне, усе сацвыплаты, звязаныя з зарплатамі, пенсіямі, дапамогамі, з тымі стымуламі, якія ў нас мае насельніцтва, яны захоўваюцца. Мы працуем над тым, што шэраг расходных артыкулаў мы прытрымліваем і, магчыма, нават ад іх адмовімся. Працуем над павелічэннем прыбытковых крыніц, плюс сацыяльную накіраванасць бюджэту захоўваем у максімальнай ступені".

Калі сітуацыя будзе больш спрыяльнай, а для гэтага ёсць падставы, у другім паўгоддзі эканамічную палітыку могуць змякчыць. Прэм'ер таксама паведаміў, што Беларусь і Расія паглыбяць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Адпаведны план распрацаваны, прадугледжваецца зняцце абмежаванняў па доступе на рынкі дзвюх краін шырокага спектру тавараў. Дэпутаты адрасавалі Андрэю Кабякову каля дзясятка ўдакладняючых пытанняў. Будаўніцтва жылля, будучыня праекта "сямейны капітал", навіны ў ахове здароўя: кансультацыі па скайпе і электронныя рэцэпты. Але больш, безумоўна, гаварылі пра эканоміку. Сёлета Беларусь мае намер размясціць еўрабондаў на мільярд долараў. Пасля працяглай дыскусіі парламентарыі адобрылі праграму ўрада.

Для тых, хто пакуль не здабыў сваё шчасце ў квадраце, урад падрыхтаваў адразу некалькі прыемных навін. Па-першае, іпатэчныя крэдыты на жыллё павінны з'явіцца ўжо сёлета. Вырашыць кватэрнае пытанне дапаможа і сістэма жыллёвых будаўнічых зберажэнняў. У гэтым выпадку банк дасць крэдыт на суму, якой не хапае. У цэлым дзяржава абяцае пабудаваць больш арэнднага жылля.

Сёння ж дэпутаты ратыфікавалі абноўленае беларуска-расійскае пагадненне аб будаўніцтве ў Беларусі атамнай электрастанцыі. Узвядзенне першага і другога блокаў беларускай АЭС ідзе ў адпаведнасці з графікам. Першы ўвядуць у эксплуатацыю ў 2018 годзе, другі - у 2020-м. Абавязацельствы па гарантаванні бяспекі возьмуць на сябе расійскія партнёры.

Міхаіл Пачынок, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі: "Пагадненне паміж урадамі РБ і РФ аб будаўніцтве АЭС было падпісана яшчэ ў 2011 годзе. Але па шэрагу прычын кантракт на будаўніцтва станцыі быў падпісаны толькі ў ліпені 2013 года. У сувязі з гэтым змяняюцца і тэрміны ўводу блокаў. Абавязацельствы па фізічнай абароне ад пранікнення пабочных асоб, ад тэрарыстычных атак як з зямлі, так і з паветра гэтым пратаколам ускладваюцца на расійскі бок".

Зрэшты, пад кантролем беларускага ўрада не толькі будучыя 10 месяцаў. Кабінет Міністраў працуе і на доўгатэрміновую перспектыву. Распрацоўваюць сацыяльна-эканамічную стратэгію развіцця да 2020 года. Шэраг прапаноў (ужо ў якасці законапраектаў) абмяркуюць у Авальнай зале вясной на адкрыцці 7 сесіі.