Парламентарыі Беларусі і Расіі правялі сумесную сесію ў Брэсце

18 июня 2018

Мінск рыхтуецца да правядзення пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. Заўтра ўдзел у ім прымуць прэзідэнты Беларусі і Расіі. Напярэдадні саміту і двухбаковых перамоў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна парламентарыі дзвюх краін сёння правялі сумесную сесію ў Брэсце. Абмеркавалі заканадаўчыя пытанні, каб абедзве дзяржавы маглі працаваць у максімальна блізкім прававым полі. У першую чаргу гэта датычыцца працаўладкавання і аказання меддапамогі грамадзянам Беларусі ў Расіі. Прагучалі таксама пытанні стварэння адзіных правоў для прадпрыемстваў дзвюх краін, развіцця больш цеснай кааперацыі ў гандлёва-прамысловым сектары эканомікі. Усе падрабязнасці - у Ілоны Красуцкай.

Расійскі трыкалор вельмі часта з'яўляецца на вуліцах краіны. Візіты расійскіх губернатараў, саюзныя выставы, наведванні прадпрыемстваў і, абавязкова, сустрэча з беларускім Прэзідэнтам. Яшчэ адна нагода на гэтым тыдні - пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета. За тыдзень да сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў парадак дня маючага адбыцца саміту канкрэтызавалі прэм'еры на Саюзным саўміне ў Маскве. Кіраўнікі ўрадаў прайшліся па тых самых 10-ці пытаннях, пра якія ўжо заўтра будуць гаварыць Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін.

Напярэдадні сустрэчы палітыкаў на парламенцкай сесіі ў Брэсце сустрэліся і "саюзныя дэпутаты". Перш дэлегацыі ўшанавалі памяць абаронцаў крэпасці-героя. Дарэчы, у мемарыяльным комплексе з'явяцца новыя экспазіцыйныя залы - дзякуючы фінансаванню з бюджэту Саюзнай дзяржавы. На рэканструкцыю вылучылі больш за паўтара мільёна долараў.

А ўжо пасля ў антуражах кабінета размова пра больш цесную інтэграцыю: стварэнне роўных умоў для працы прадпрыемстваў і развіцця кааперацыі ў Саюзе. Сёння акцэнтавалі ўвагу і на заканадаўчых пытаннях, каб абедзве дзяржавы маглі працаваць у максімальна блізкім прававым полі.

Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: "Не ўсё зроблена ў плане правядзення ўзгодненай прамысловай палітыкі. Мы шмат гаворым, але трэба больш усё-такі рабіць. Каб тыя кірункі, якія вызначаныя, і ўрадамі, і кіраўнікамі нашых краін, каб яны рэалізоўваліся. Трэба нам больш і актыўней працаваць у плане рэалізацыі кааперацыйных сувязяў паміж нашымі прадпрыемствамі, таму што гэта выгадна ўсім: і РФ, і РБ".

Вячаслаў Валодзін, старшыня Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі: "Нам вельмі важна, каб у нашым парадку дня моладзевая тэма прысутнічала пастаянна. Гэта нам забяспечыць моладзевая палата, якая закліканая быць экспертнай структурай. З іншага боку, такім мастком паміж парламентам і моладзевым асяроддзем. І, вядома, прадстаўляць больш актыўна інтарэсы маладых грамадзян нашых краін".

У прамым сэнсе самай прыкметнай фігурай пасяджэння стаў вядомы баксёр і дэпутат расійскай Дзярждумы Мікалай Валуеў. Мабыць, самы буйны палітык у свеце. Яго рост - 213 сантыметраў, а вага - каля 150 кілаграмаў. Засядаць расійскаму дэпутату прыйшлося ў асобным крэсле, якое яму паставілі ў праходзе паміж радамі.

Вялікія планы на заўтрашні перагаворны марафон і ў палітычнага кіраўніцтва дзвюх краін. Такім чынам, заўтра ў Мінск акрамя Уладзіміра Пуціна на саміт Саюзнай дзяржавы прыедзе расійскі прэм'ер Дзмітрый Мядзведзеў, старшыня Дзярждумы Вячаслаў Валодзін і кіраўнік Савета Федэрацыі Валянціна Мацвіенка. У Палацы Незалежнасці сустрэнуцца і кіраўнікі палат парламента Беларусі, урад і міністэрскі корпус. Калі ў адной зале практычна ўсе галіны ўлады дзвюх краін, шматлікія пытанні можна вырашыць хутка.

Такім чынам, пра што будуць заўтра гаварыць у Палацы Незалежнасці…

Гэта тэмы, якія, у тым ліку, перыядычна мільгацяць у СМІ. Адмена роўмінгу, узаемнае прызнанне віз. У топе інфармагенцтваў і пастаўкі прадукцыі. Зніманне любых перашкод на шляху тавараў, і стварэнне роўных умоў для ўсіх вытворцаў - гэта простая і відавочная формула паспяховага Саюза.

Аб Саюзнай дзяржаве ў лічбах. Падмурак развіцця - тры сотні стратэгічных дагавораў. У дакументах прапісана ўсё ў дэталях - ад паставак прадуктаў харчавання да сумесных касмічных планаў. Прамыя сувязі з 80-ю рэгіёнамі самай вялікай краіны ў свеце. Летась Беларусь наведалі дзясяткі дэлегацый з Расіі. І наша галоўная гандлёвая прэзентацыя на саюзным рынку - кірмашы. Як правіла, за суткі на іх раскупляецца тавараў больш, чым у звычайны час прадаецца за месяц. І эканомікай, і дыпламатыяй занятыя і аддзяленні нашага пасольства. Адкрытыя ў найбліжэйшых Смаленску і Калінінградзе і на самых ускраінах - Новасібірску і Хабараўску.

Такая сетка - як гарантыя ад рэзкіх спадаў у інвестыцыях і гандлі. І тут дадаём… За мінулы год узаемны тавараабарот павялічыўся на 23,5 %, перавысіў 32 мільярды долараў. Амаль яго палова прыпадае на Цэнтральную федэральную акругу. Адна з прыярытэтных задач - выйсці на лічбу ва ўзаемным гандлі 40 мільярдаў.

Калі парадак дня Вышэйшага дзяржсавета вядомыя, галоўнай інтрыгай для журналістаў застаецца, пра што ж будуць гаварыць падчас двухбаковай сустрэчы прэзідэнты Беларусі і Расіі. За апошнія некалькі тыдняў яна стане трэцяй. Бачыліся кіраўнікі дзяржаў у Кітаі на палях саміту Шанхайскі арганізацыі супрацоўніцтва і на адкрыцці чэмпіянату свету па футболе ў Маскве. Улічваючы, што апошняя грунтоўная размова была крыху больш за месяц назад у Сочы, нават цяжка ўявіць, колькі могуць доўжыцца перамовы. Па заявах прэс-службы расійскага лідара, "у Мінску маецца быць напружаная праца". Таму, відавочна, Уладзіміру Пуціну ўсё ж прыйдзецца прапусціць матч Расія - Егіпет.

Лічбавая эканоміка ў Саюзе. Узаемадзеянне ў кантэксце еўразійскай інтэграцыі і на міжнародных пляцоўках… Гэтыя тэмы таксама абмяркуюць у Мінску. І, вядома, самыя "прыземленыя" пытанні - супрацоўніцтва ў аграпрамысловай сферы. Бо наперадзе 5-ты Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. У канцы верасня яго прыме Магілёў. На Вышэйшым дзяржсавеце чакаецца і падпісанне серыі дакументаў. Плануецца, вынікі лідары краін падвядуць публічна, зрабіўшы заяву для прэсы.