Парламентарыі 6-га склікання адкрываюць апошнюю восеньскую сесію

2 октября 2019

Сёння пачалася парламенцкая восень: сесію адкрываюць дэпутаты і сенатары. Яна стане апошняй для 6-га склікання парламентарыяў. Нагадаем, ужо ў лістападзе пройдуць выбары ў парламент. Але цяперашні склад яшчэ павінен зрабіць нямала працы. 

Якія законапраекты разгледзяць народныя выбраннікі?  Спытаем у нашага карэспандэнта Вольгі Анішчанкі.

Сапраўды, цяперашняя сесія для дэпутатаў асаблівая. Бясспрэчна, восень перыядам зацішша не была ніколі, але менавіта зараз узрастае палітычная актыўнасць. Да выбараў новага - сёмага - склікання дэпутатаў застаецца крыху больш за месяц. Чакаецца, што ў сярэднім на траціну дэпутацкі корпус можа захаваць свой склад. Прынамсі, столькі дэпутатаў будзе балатавацца на новы тэрмін. Але гэта стандартная лічба, судзячы па практыцы мінулых парламенцкіх кампаній.

Але, што важна, усё, што запланавана на цяперашнюю сесію, будзе разглядаць цяперашні склад дэпутатаў. Ужо сёння на парадку дня больш як  дзясятак пытанняў. 

А ў цэлым да завяршэння паўнамоцтваў дэпутаты прымуць каля паўсотні законапраектаў. Найважнейшы - пакет бюджэтных дакументаў на 2020. Ён, дарэчы, таксама за цяперашнім, шостым скліканнем. Нягледзячы на тое што прымаецца, як правіла, напрыканцы года. Але да выбараў, г. зн. да 17 лістапада, дэпутаты плануюць зацвердзіць асноўныя прыбыткі і выдаткі бюджэту-2020. 

Наогул, эканамічны блок пытанняў будзе пераважаць. Шмат сацыяльна значных навацый. Напрыклад, закон аб ахове працы, аб аплаце працы працаўнікоў бюджэтнай сферы, іншыя дакументы. Адным словам, усё, над чым працавала цяперашняе, шостае скліканне, будзе завершана. Каб абноўлены парламент пачынаў працу ў нейкім сэнсе з чыстага ліста.