Пан Гі Мун выказаў спадзяванне, што сустрэчы ў Мінску па Украіне ўвянчаюцца поспехам

11 февраля 2015

Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун выказаў спадзяванне, што сустрэчы ў Мінску па Украіне ўвянчаюцца поспехам. На брыфінгу ў Нью-Ёрку ён прывітаў інтэнсіўныя дыпламатычныя намаганні, якія накіраваныя на забеспячэнне трывалага і даўгачаснага спынення агню на ўсходзе Украіны і рэалізацыю мінскіх дамоўленасцяў. Пан Гі Мун спадзяецца, што вынікам сустрэчы ў "нармандскім фармаце", а таксама перамоў трохбаковай кантактнай групы стане тое, што бакі пацвердзяць свае абавязальніцтвы спыніць разбуральны канфлікт.

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў, што едзе ў Мінск, каб "неадкладна, без якіх-небудзь умоў, спыніць агонь і пачаць палітычны дыялог".

Раней прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд і канцлер ФРГ Ангела Меркель таксама пацвердзілі, што адпраўляюцца ў Мінск, дзе плануюць выкарыстаць усе магчымасці для таго, каб дабіцца ўрэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны.