АБСЕ і АДКБ дамовіліся вывесці супрацоўніцтва на новы ўзровень

25 апреля 2019
Аб гэтым сёння ў Маскве на пасяджэнні Пастаяннага савета  Арганізацыі дагавора аб калектыўнай бяспецы заявіў генеральны сакратар Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Гэта трэці візіт Томаса Грэмінгера ў Сакратарыят АДКБ. Паводле яго слоў, сучасным пагрозам можна супрацьстаяць толькі сумеснымі намаганнямі на рэгіянальным і глабальным узроўнях. А ў дзвюх арганізацый шмат агульнага. Бакі абмеркавалі процідзеянне новым выклікам, у першую чаргу - у барацьбе з тэрарызмам.

Валерый Семерыкоў, в. а. генеральнага сакратара АДКБ: "Дэталёва абмеркавалі сітуацыю ў Цэнтральна-Азіяцкім рэгіёне, выклікі і пагрозы, якія зыходзяць з тэрыторыі Афганістана. Абгаварылі шэраг мер, якія б спрыялі паніжэнню напружанасці ў гэтым рэгіёне. І, вядома, вельмі важна - гэта абмен інфармацыяй".

Размова таксама ішла аб барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў і кіберзлачыннасцю. Сумесную канферэнцыю АДКБ і АБСЕ плануюць правесці восенню ў Маскве.