Аб'яднаць намаганні ў барацьбе з тэрарызмам і злачыннасцю заклікае Беларусь удзельнікаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Гэта заявіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў на 15-м пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў краін Арганізацыі ў Бішкеку.
Цэнтральная задача Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва - барацьба з экстрэмізмам, сепаратызмам і тэрарызмам. Ва ўмовах палітычнай і эканамічнай турбулентнасці краінам даводзіцца шукаць эфектыўныя адказы на новыя выклікі і пагрозы, улічваць рост рэгіянальнай напружанасці. У тым ліку і таму глабальныя гульцы запрашаюць да дыялогу Беларусь. За апошнія гады наша краіна прадэманстравала рэальныя крокі па захаванні спакою ў рэгіёне.
Андрэй Кабякоў, прэм'ер-міністр Беларусі: "Мінулы год паказаў, што ўзаемадзеянне сілавых і праваахоўных ведамстваў зараз актуальнае як ніколі. І гэта датычыцца абсалютна ўсіх краін. Беларусь гатовая да супрацоўніцтва ў сферы процідзеяння міжнароднаму тэрарызму і злачынствам у галіне інфармацыйных тэхналогій, незаконнаму перамяшчэнню праз межы дзяржаў - членаў ШАС наркатычных і псіхатропных рэчываў. Усе гэтыя негатыўныя праявы маюць трансгранічны характар. І эфектыўна супрацьстаяць ім можна толькі аб'яднаўшы нашы агульныя намаганні. Як член АДКБ Беларусь выступае за паслядоўнае пашырэнне ўзаемадзеяння АДКБ з рэгіянальнай антытэрарыстычны структурай ШАС у галіне ўмацавання бяспекі і стабільнасці, у тым ліку ў сферы інфармацыйнага абмену, процідзеяння рэлігійнаму экстрэмізму і нелегальнай міграцыі".
Акрамя пытанняў антытэрору, ключавымі тэмамі для кіраўнікоў кабінетаў міністраў стала паглыбленне гандлёва-эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва. Урадавы склад Арганізацыі таксама абмеркаваў рэалізацыю дамоўленасцяў, якіх дасягнулі кіраўнікі дзяржаў падчас чэрвеньскага саміту ў Ташкенце.
Удзел у ім прыняў Прэзідэнт Беларусі. Гэта быў першы саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, дзе Мінск на вышэйшым узроўні прадстаўлены ў якасці назіральніка. Такі статус Беларусь атрымала першай з еўрапейскіх краін. І менавіта нашу краіну ў Шанхайскай арганізацыі лічаць першай дзяржавай, якая адкрые шлях у Еўропу з Азіі. Прэзідэнт Беларусі заклікаў партнёраў па Арганізацыі да ўзаемадзеяння з ЕАЭС. Фактычна большая частка кантынента атрымлівае рэальную магчымасць скласці разам сыравінныя рэсурсы, чалавечы капітал і вялізную ёмістасць унутранага рынку. Да 15-гадовага юбілею Арганізацыя падыходзіць у складзе 18-ці краін "шанхайскай сям'і". Зараз гэты фармат выглядае як 6+6+6.
Шасцёрка афіцыйных удзельнікаў - гэта Казахстан, Кыргызстан, Кітай, Расія, Таджыкістан і Узбекістан. Яшчэ шэсць дзяржаў - назіральнікі: Афганістан, Беларусь, Індыя, Іран, Манголія і Пакістан.
Сёння кіраўнікі ўрадаў зацвердзілі бюджэт Арганізацыі на 2017 год. Рэалізацыю праграмы шматбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і вырашэнне пытанняў бяспекі абмяркуюць у чэрвені кіраўнікі дзяржаў. Саміт Арганізацыі на вышэйшым узроўні прыме Астана.













