Новыя падыходы да правядзення перамоў па Украіне прапрацоўвае АБСЕ

7 сентября 2016

Сёння беларуская сталіца зноў стала пляцоўкай перамоў трохбаковай кантактнай групы па сітуацыі ва Украіне. Парадак дня сустрэчы, як і перш, спыненне агню, абмен заложнікамі, мясцовыя выбары ў асобных раёнах Данбаса. Па шматлікіх аспектах прагрэс ужо дасягнуты. Так, рэжым спынення агню, які дзейнічае з пачатку навучальнага года, у цэлым выконваецца. І сама сітуацыя ў сферы бяспекі ў рэгіёне значна палепшылася. Гэта пацвердзілі ўдзельнікі сустрэчы. Новыя падыходы да правядзення перамоў па Украіне зараз прапрацоўвае АБСЕ. Гэтую тэму абмяркуюць і заўтра на сустрэчы спецпрадстаўніка Марціна Сайдзіка з кіраўніком расійскага МЗС Сяргеем Лаўровым. Аб чым яшчэ ўдалося дамовіцца? Падрабязнасці ў Юрыя Казлова.

1 верасня на ўсходзе Украіны пачалося чарговае перамір'е. Аб ім кантактная група дамовілася ў Мінску ў канцы жніўня. Як паведамляюць назіральнікі, у цэлым рэжым цішыні выконваецца. Але і Узброеныя сілы Украіны, і фарміраванні непрызнаных рэспублік працягваюць перыядычна абвінавачваць адзін аднаго ў абстрэлах.

Паводле звестак ААН, за два з паловай гады на Данбасе загінулі каля дзесяці тысяч чалавек. Параненых - удвая больш. Звыш мільёна грамадзян пакінулі свае дамы. Пры гэтым Сусветная арганізацыя прызнае - афіцыйныя лічбы слаба адлюстроўваюць рэальную сітуацыю.

Парадак дня перамоў кантактнай групы не змяняецца ўжо доўгі час. Асноўныя пытанні - спыненне агню, абмен заложнікамі, мясцовыя выбары ў асобных раёнах Данбаса і амністыя ўдзельнікам баявых дзеянняў супраць афіцыйнага Кіева. Практычна па ўсіх пунктах ёсць прагрэс, але крытыкі часта адзначаюць, што ён мала прыкметны з-за хуткасці ўзгаднення і ажыццяўленні дамоўленасцяў. Зрэшты, яшчэ не адны перамовы па мірным урэгуляванні не завяршаліся ў аператыўныя тэрміны.

Зараз жа адным з галоўных дасягненняў мінскай пляцоўкі разам з агульным зніжэннем градусу напружанасці і вызваленнем палонных можна лічыць і той факт, што праз два гады пасля пачатку няпростых перамоў бакі канфлікту працягваюць дэклараваць прыхільнасць літары мінскіх пагадненняў.

Гэту заяву Пётр Парашэнка зрабіў напярэдадні падчас традыцыйнага паслання да Вярхоўнай рады. Прэзідэнт Украіны прызнаў, што працэс вяртання Данбаса будзе "няпростым, балючым і працяглым". Разам з тым Кіеў гатовы рабіць крокі насустрач Данецку і Луганску, адзначыў Парашэнка.

У канцы жніўня прадстаўнік Украіны ў падгрупе па гуманітарных пытаннях, віцэ-спікер Рады Ірына Герашчанка анансавала кампраміснае рашэнне ў пытанні амністыі. Сёння ў Мінску прагучала прапанова надаць цяперашняму перамір'ю незваротны характар.

Дарэчы, за глабальным праблемамі часта страчваюцца дасягненні больш прыземленыя, але не меней важныя, накшталт дамоўленасцяў аб аднаўленні водазабеспячэння ў асобна ўзятых гарадах і сёлах Украіны, адкрыцці пунктаў пропуску на лініі размежавання, аднаўленні чыгуначных зносін.

У пачатку верасня сітуацыю на Данбасе абмеркавалі міністры замежных спраў дзяржаў АБСЕ. У нефармальнай сустрэчы ў Патсдаме ўдзельнічаў і кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей. Ён падкрэсліў, што Мінск гатовы ўсяляк садзейнічаць працэсу мірнага ўрэгулявання крызісу ў суседняй краіне. Пра рэалізацыю мінскіх пагадненняў гаварылі гэтай ноччу на палях саміту "Вялікай дваццаткі" ў Кітаі. У найбліжэйшы час, як чакаецца, канфлікт ва Украіне абмяркуюць і лідары "нармандскай чацвёркі".