НАТА не бачыць пагрозы краінам Паўночнаатлантычнага блока ў сувязі з беларуска-расійскімі вучэннямі "Захад-2017"

14 июля 2017

Аб гэтым заявіў генсакратар альянсу Енс Столтэнберг па выніках пасяджэння савета "Расія-НАТА" ў Бруселі на ўзроўні паслоў.

Енс Столтэнберг, Генеральны сакратар НАТА:

"Кожная краіна мае права праводзіць вучэнні сваіх узброеных сіл, гэта таксама датычыцца Расіі. Гэта першае. Другое, - мы не бачым якой-небудзь немінучай пагрозы ў адрас любой з краін НАТА (у сувязі з манеўрамі). Ну, і па-трэцяе, мы будзем пільна сачыць за вучэннямі "Захад-2017" і ў выпадку неабходнасці інспекцыі ў адпаведнасці з Венскім дакументам ад 2011 года Паўночнаатлантычны альянс яе правядзе".

Вучэнні "Захад-2017" пройдуць з 14 па 20 верасня на тэрыторыі Беларусі. Для назірання за манеўрамі наша краіна ў ініцыятыўным парадку накіроўвае запрашэнні прадстаўнікам замежных краін і міжнародных арганізацый, паведамілі напярэдадні ў МЗС. Акрамя таго, не пазней, чым за 42 дні да пачатку вучэнняў дзяржавы - удзельніцы АБСЕ атрымаюць усю неабходную інфармацыю ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі.

Нагадаем, у сераду на форуме АБСЕ ў Вене Беларусь прадставіла падрабязныя матэрыялы аб задуме і сцэнарыі вучэнняў іх асноўных мэтах і задачах, месцах правядзення, сілах і сродках, якія будуць задзейнічаныя. На брыфінгу падкрэслілі, што манеўры "Захад-2017" носяць выключна абарончы характар і накіраваныя на ўмацаванне ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы.