Наплыву мінчан чакаюць бліжэй да вечара

11 сентября 2016

Як галасуюць у Мінску, распавядзе наш карэспандэнт Вераніка Бута. Яна зараз знаходзіцца ў 53-й школе на выбарчым участку № 558 - гэта Коласаўская выбарчая акруга, якая вылучылася ў гэтай перадвыбарнай гонцы самым высокім конкурсам.

Калі ў цэлым па краіне конкурс 4,5, то ў гэтай акрузе толькі адзін з сямі кандыдатаў зможа заняць месца ў беларускім парламенце. Канкурэнцыя сур'ёзная. Па сутнасці, у гэтай акрузе спаборнічаюць вопыт і энтузіязм: сярод прэтэндэнтаў ёсць дзеючы дэпутат, а вось самаму маладому кандыдату сёлета споўнілася 28. Большая частка - вылучэнцы ад палітычных партый.

Сярэдняя школа № 53 (у якой мы зараз знаходзімся са здымачнай групай) размясціла на сваёй тэрыторыі тры ўчасткі для галасавання (на першым і другім паверхах), месца хопіць усім выбаршчыкам, нават калі яны будуць прыходзіць групамі. Наплыву мінчан чакаюць бліжэй да вечара, калі ў сталіцу вернуцца дачнікі. Усяго па акрузе крыху больш за 65 тысяч выбаршчыкаў. Для многіх з іх гэта першыя ў жыцці выбары, у якіх яны прымаюць удзел. На памяць для іх члены камісіі падрыхтавалі невялікія падарункі.

За ходам галасавання ўважліва сочаць назіральнікі - гэта прадстаўнікі розных грамадскіх аб'яднанняў і партый. На гэты момант (я нагадаю, участкі адкрыты ўжо на працягу пяці гадзін) ні заўваг, ні скарг у дадзеную камісію не паступала.

Да выхаднога дня дадаецца яшчэ і традыцыйнае для дня выбараў адчуванне свята. На ўчасткі прыходзяць сем'ямі, тым самым бацькі сваім асабістым прыкладам паказваюць, як важна не быць убаку, калі прымаюцца важныя для горада і краіны рашэнні.