Пачалася самая актыўная фаза перадвыбарнай агітацыі

22 января 2018

Цэнтрвыбаркам Беларусі дапусціў да агітацыі звыш 22 тысяч кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў. Адметна, што палова прэтэндэнтаў па краіне - жанчыны. Таксама станоўчая дынаміка па ўзросце - звыш тысячы чалавек маладзейшыя за 30 гадоў. Сёння ж пачалася самая актыўная фаза перадвыбарнай агітацыі. Так, прэтэндэнты на дэпутацкае крэсла могуць выступіць на радыё на працягу трох хвілін бясплатна аж да 17 лютага. Таксама кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына адзначыла, што сёлета яўка можа перавысіць 60 %.

Аляксей Волкаў вывучаў перадвыбарны ландшафт Беларусі.

Таццяна Арцёменка на правах мясцовага жыхара аграгарадка Путрышкі ў выбарах дэпутатаў мясцовага Савета зацікаўлена асабіста. Жанчына з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй не мае намеру аддаваць голас проста так: народны выбраннік павінен ведаць праблемы ў пасёлку не па паперцы. Да выбараў яшчэ амаль месяц, але ў людзей ужо ёсць пажаданні да будучага выбранніка.

Фармат працы дэпутатаў з насельніцтвам у сельскім савеце адрозніваецца ад гарадскога, нават прыём выходзіць больш свойскім, бо часта чалавек, чыя фатаграфія на агітацыйным плакаце, жыве зусім недалёка. Такі "суседскі" фармат жыхарам Путрышак падабаецца, але патрабаванні да суіскальніка на дэпутацкае крэсла, як у горадзе.

У кандыдатаў у дэпутаты ёсць месяц, каб схіліць на свой бок людзей, якія будуць галасаваць. 17 лютага - апошні дзень агітацыі па ўсёй краіне. Дарэчы, прэтэндэнты адкрылі ўжо 241 фінансавы рахунак.

Бітва за электарат у самым разгары. Кандыдаты могуць выступіць па радыё - даюцца тры хвіліны ў прайм-тайм пасля шасці вечара. Гэта бясплатна і запісваецца загадзя. Той, хто жадае, можа рэкламаваць сябе ў газетах - ужо за грошы. І самы традыцыйны спосаб - вулічная агітацыя. Тут патэнцыяльныя слугі народа самі вырашаюць, як сябе рэкламаваць. Галоўнае не парушаць патрабаванні Выбарчага кодэкса.

Сфарміраваны і канчатковы спіс зарэгістраваных кандыдатаў. Паводле звестак ЦВК, усяго зарэгістравана 22 278 чалавек. З іх амаль траціна - настаўнікі, урачы і навукоўцы. Другое месца за аграрыямі. Кожны дзясяты прэтэндэнт - прамыслоўца, будаўнік або дзяржслужачы. Спрабуюць паказаць сябе і пенсіянеры. Зарэгістравана 627 удзельнікаў.

Адметна, што большасць кандыдатаў вылучаліся праз збор подпісаў. Партыйных суіскальнікаў менш за тысячу. Ва ўсіх прэтэндэнтаў ёсць магчымасць сысці з дыстанцыі, калі з'явіцца неабходнасць. Чаканая яўка - вышэй за 60 %. Рост магчымы з-за вялікай колькасці маладых дэпутатаў. Пры Цэнтрвыбаркаме акрэдытавана ўжо 10 нацыянальных назіральнікаў. Ды і агульны тон выбарчай кампаніі стаў больш дынамічны менавіта сярод насельніцтва.

Дарэчы, праходзіць у Беларусі і маштабная акцыя "Моладзь вырашае". Прымеркавана яна да выбараў у 28 скліканне. Удзельнікам можа стаць кожны – дастаткова напісаць просьбу патэнцыяльнаму дэпутату і пакласці яе ў спецыяльную скрыню. Завершыцца акцыя 17 лютага. А пасля выбараў 18-га ўсе пажаданні аддадуць народным выбраннікам.