На пасяджэнні Савета пастаянных прадстаўнікоў падвялі вынікі года беларускага старшынства ў СНД

19 декабря 2013
А зроблена за гэты час нямала. Сем дзясяткаў беларускіх ініцыятыў сталі новымі праектамі і паспяхова рэалізуюцца. Акрамя таго, сёлета Мінск стаў сталіцай шэрагу мерапрыемстваў на вышэйшым узроўні і прыняў два найбуйныя саміты - Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета і кіраўнікоў дзяржаў СНД, пацвердзіўшы ва ўсіх адносінах статус горада, дзе прымаюцца ключавыя рашэнні ў пытаннях еўразійскай інтэграцыі.

Як адзначыў падчас гэтых ключавых форумаў Кіраўнік беларускай дзяржавы, Беларусь падчас старшынства ў СНД выканала ўсе абавязацельствы і рэалізавала план канкрэтных мерапрыемстваў, накіраваных на інтэграцыю на карысць чалавека. Пачатыя актыўныя перамовы па праекце дагавора аб зоне свабоднага гандлю паслугамі, чырвонай ніткай прайшла тэма эканамічнага партнёрства.

Сёння на выніковым пасяджэнні арганізацыі адыходзячы год названы адным з самых прадукцыйных, але спыняцца на гэтым, як і належыць арганізму, што расце і развіваецца, не варта.

Куды і як будзем рухацца далей у рамках аб'яднання, названага Садружнасцю Незалежных Дзяржаў? Перспектывамі цікавілася Святлана Канапацкая.


Штаб-кватэра СНД сёння падвяла вынік беларускага старшынства ў Садружнасці. Гэты год ужо назвалі адным з самых прадукцыйных за апошнія гады. Вось толькі адна лічба як пацвярджэнне - 70 ініцыятыў, што сталі новымі праектамі. Так што недахопу ў тэмах для абмеркавання на сённяшнім пасяджэнні Савета пастаянных прадстаўнікоў быць не магло. Дадалі іх і кульмінацыйныя падзеі палітычнага года Садружнасці.

У кастрычніку сталіца СНД - Мінск - стала месцам правядзення двух найбуйных самітаў: Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета і кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці. Выступленне Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі перад удзельнікамі саміту стала выніковай справаздачай па годзе старшынства ў СНД і ўтрымлівала заяву, якая па сутнасці з'яўляецца адным з найважнейшых паказчыкаў выніковасці гэтай працы.
Ці зможа праз год Украіна, якая прымае старшынства ад Беларусі, гэтак жа ўпэўнена сказаць аб выкананні ўзятых абавязацельстваў, ці не перашкодзіць імкненне ў Еўрасаюз? Гэтыя здагадкі гучаць у СМІ. Сумненні журналістаў у СНД не падзяляюць.

Сяргей Лебедзеў, Старшыня Выканаўчага камітэта - Выканаўчы сакратар СНД: Мы не бачым ніякіх супярэчнасцяў у тым, што, спрабуючы ўмацаваць сувязь з Еўрасаюзам (гэта робяць усе дзяржавы СНД), Украіна захоўвае сваю прыхільнасць членству ў СНД. І выступаючы менавіта ў Мінску 25 кастрычніка, прэзідэнт Украіны выказаў дастаткова змястоўны план старшынства Украіны, які быў падтрыманы. Я як старшыня Выканкама СНД хацеў бы выказаць упэўненасць у тым, што старшынства Украіны з улікам гэтых заяў будзе такім жа паспяховым.

Сёння ў Мінску ў штаб-кватэры СНД яшчэ раз прааналізавалі, якім быў мінулы год для Садружнасці, і прыйшлі да высновы: удалося галоўнае - Садружнасць Незалежных Дзяржаў умацоўвае свае пазіцыі, у тым ліку ў міжнародных арганізацыях, і рэалізуе праекты, якія ўжо працуюць і даюць вынік.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: Вынікі відавочныя. Было праведзена больш за 70 важных мерапрыемстваў, якія арыентаваныя канкрэтна на чалавека. Гэта сапраўды былі мерапрыемствы, рэалізацыя якіх ужо дае аддачу для канкрэтных людзей, простых людзей або ў перспектыве дасць аддачу. Мы маем намер актыўна ўдзельнічаць у мерапрыемствах СНД, і паколькі Мінск лічыцца сталіцай СНД, мы маем намер і надалей актыўна пацвярджаць такое меркаванне.

Дакументы, у якіх пералічаныя праекты, што рэалізуюцца, падобныя на шматтомнік. Задзейнічаныя практычна ўсе сферы - прамысловасць, энергетыка, сельская гаспадарка, гуманітарная сфера, маладзёжная палітыка, турызм, бяспека. Сёлета зацверджаная канцэпцыя кібербяспекі Садружнасці. За год старшынства Беларусі ўдалося многае. Гэта ўжо канстатацыя факту агульнапрызнанага. Зараз Украіне, краіне-суседцы, трэба прадоўжыць работу па ўмацаванні Садружнасці.