На тыднi была названая аптымальная дата будучых парламенцкіх выбараў

1 мая 2016

У сераду вырашылася адна з галоўных палітычных інтрыг гэтага года - на вышэйшым узроўні была названая аптымальная дата будучых парламенцкіх выбараў. Гэта нядзеля, 11 верасня. Афіцыйна ж кампанія стартуе 7 чэрвеня пасля падпісання прэзідэнцкага ўказу. Такім чынам, нават без аглядкі на сіноптыкаў, нас чакае "гарачае" палітычнае лета. Як бы не распарадзілася надвор'е, збор подпaісаў, праграмы і партыйныя платформы, дэбаты, пікеты і акцыі прадставяць усю разнастайнасць беларускай палітычнай палітры.

Чаго пастараецца пазбегнуць Беларусь - дык гэта брудных тэхналогій, зрыву выбараў і ўмяшання ў суверэнны выбар. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт, зрабіўшы акцэнт на высокай палітычнай культуры беларускага грамадства, празрыстасці і спакойным характары выбарчага марафону. Беларусь традыцыйна не будзе абмяжоўваць колькасць назіральнікаў, а таксама адкарэкціруе праваўжывальную практыку, ідучы насустрач пажаданням АБСЕ. Як і ў якія тэрміны будуць удасканальваць літару і дух выбарчага закону раскрыла кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына па выніках нарады ў Прэзідэнта.