На ўсходзе Украіны назіраецца значнае паніжэнне ліку парушэнняў спынення агню

18 мая 2016

На ўсходзе Украіны назіраецца значнае паніжэнне ліку парушэнняў спынення агню - паведаміў спецпрадстаўнік АБСЕ Марцін Сайдык па выніках пасяджэння трохбаковай кантактнай групы ў Мінску.

Паводле слоў Сайдыка, перагаворшчыкі адзначылі ролю сумеснага цэнтра па кантролі і каардынацыі і абмеркавалі пытанні магчымага развядзення сіл на лініі судакранання. У прыярытэце ўчасткі, дзе грамадзянскае насельніцтва атрымае ад спынення баявых дзеянняў максімальную карысць. Таксама Марцін Сайдык выказаў шкадаванне адносна ходу перамоў па абмене ваеннапалоннымі. У рашэнні гэтага пытання прагрэсу пакуль няма з-за рознай пазіцыі бакоў - адзначыў дыпламат.

Марцін Сайдык, спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе: "Людзі працягваюць пакутаваць ва ўмовах канфлікту. Гуманітарныя пытанні маюць найважнейшае значэнне. Менавіта гэта было выказана сёння каардынатарам працоўнай групы па гуманітарных пытаннях паслом Фрышам, які выказаў расчараванне тым, што на берлінскай сустрэчы міністраў замежных спраў нармандскага фармату гуманітарныя пытанні практычна не былі закранутыя. Я асабіста падзяляю расчараванне спадара пасла Фрыша".

У ліку пазітыўных вынікаў сустрэчы Марцін Сайдык назваў дамоўленасці аб падтрымцы дзяцей-сірот і дзяцей, адлучаных ад бацькоў па абодва бакі лініі размежавання. Як заявіў аўстрыйскі дыпламат, менавіта дзеці больш за іншых пакутуюць ад розных наступстваў канфліктаў. Наступнае пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы запланавана на 1 чэрвеня.