На саміце ў Ерэване зацверджаная канцэпцыя фарміравання агульнага фінансавага рынку ЕАЭС

1 октября 2019

Кіраўнікі дзяржаў Еўразійскага эканамічнага саюза на саміце ў Ерэване зацвердзілі канцэпцыю фарміравання агульнага фінансавага рынку. Яна стане асновай для забеспячэння вольнага руху капіталу і паслуг. Пра гэта падчас выступлення на пашыраным пасяджэнні паведаміў Прэзідэнт Беларусі. Арганізацыя такога рынку, на думку Аляксандра Лукашэнкі, павінна быць спалучаная з лічбавізацыяй: гэта дазволіць развіваць перадавыя фінансавыя тэхналогіі і зрабіць больш даступным увесь спектр падобных паслуг. Парадак дня сённяшняга саміта ўключае паўтара дзясятка пытанняў, у тым ліку зняцце абмежаванняў. Для ліквідацыі бар'ераў на прасторы ЕАЭС неабходна прыняць палітычнае рашэнне. Да гэтага заклікаў астатнія дзяржавы саюза Аляксандр Лукашэнка.

Сёння мы надзялілі камісію паўнамоцтвамі ў пытаннях маркіроўкі тавараў і сачэння за іх рухам. ЕЭК павінна гарантаваць, што гэтыя прагрэсіўныя прапановы не павярнуцца новымі перашкодамі ў гандлі. Бар'ераў у саюзе і так звышдастаткова. Асабліва насцярожвае, калі яны ўводзяцца ў такіх адчувальных сферах, як, напрыклад, дзяржзакупкі. Надышоў час кіраўнікам дзяржаў разгледзець набалелую тэму і прыняць палітычнае рашэнне. Магчыма, варта пашырыць кампетэнцыю Еўразійскай эканамічнай камісіі і суда ЕАЭС.

У наступным годзе старшынства ў ЕАЭС пяройдзе да нашай краіны. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што краіна рыхтуецца да гэтага перыяду з усёй сур'ёзнасцю.