На тыдні адбыўся візіт у Беларусь кіраўніка Чачэнскай Рэспублікі Рамзана Кадырава

1 октября 2017

На тыдні абмяркоўвалі Instagram Рамзана Кадырава. Толькі таму, што там з'явіліся ролікі пра Беларусь. І, дарэчы сказаць, нядрэнныя. Той выпадак, калі абяцаў анлайн і прыехаў. Рамзан Кадыраў упершыню быў у Мінску. На чале дэлегацыі Чачэнскай Рэспублікі.

Візіт як развіццё тэмы міжрэгіянальнага супрацоўніцтва з Расіяй. Гэта кааперацыя ў прамысловасці, у сферы АПК, будаўнічыя праекты. Для нашай краіны рэспубліка - новы рынак збыту, для Чачні - новы ўзровень прамкааперацыі і развіцця сельскай гаспадаркі. Сёлета ў ліпені падчас чацвёртага Форуму рэгіёнаў у Маскве Беларусь і Чачня падпісалі пагадненне аб гандлёва-эканамічным, навуковым і культурным супрацоўніцтве. Гэта адзін з першых крокаў. Грозны актыўна забудоўваецца. Для гэтага патрэбныя спецыялісты, тэхніка, тэхналогіі. Усё гэта гатовыя прапанаваць у Беларусі.

Рамзану Кадыраву 40, і чвэрць жыцця - 10 гадоў - ён кіруе Чачнёй. Асоба шматгранная. У спісе інтарэсаў чачэнскага лідара верхавая язда, нацыянальныя танцы, бокс, гольф, мотаспорт. Рамзан Кадыраў заядлы фанат футбола. І, як мы ведаем, кіраўніка Чачні ў Расіі называюць адным з самых папулярных палітыкаў-блогераў.

Свой акаўнт ён вядзе з 2013 года. За яго жыццём анлайн назіраюць 3 мільёны чалавек. Па колькасці падпісчыкаў ён абагнаў нават Дзмітрыя Мядзведзева. У таго на 200 тысяч менш. Уражаннямі ад візіту ў Беларусь кіраўнік Чачэнскай Рэспублікі падзяліўся ў сваім Instagram - апублікаваў чатыры яркія ролікі. На гэтых кадрах - сустрэча з Кіраўніком беларускай дзяржавы, перамовы ва ўрадзе, хадавыя выпрабаванні спецмашын на МАЗе. Рамзан Кадыраў высока ацаніў якасць беларускіх грузавікоў.

У шчыльным графіку сустрэч і перамоў кіраўнік Чачні знайшоў час і для зносін з беларускімі журналістамі. Эксклюзіўнае інтэрв'ю ўдалося запісаць нашаму карэспандэнту Вользе Макей сумесна з інфармацыйным агенцтвам БелТА. Гэтая гутарка выклікала сапраўдны ажыятаж далёка за межамі Чачні. Яшчэ да таго, як у эфіры нашага канала была апублікаваная поўная версія, фрагменты актыўна растыражавалі расійскія і беларускія СМІ, інтэрнэт-рэсурсы. Рамзан Кадыраў падзяліўся ўражаннямі ад сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, разважаў аб іміджы сваёй рэспублікі, аб рэлігіі і геапалітыцы. Кіраўнік Чачні выказаўся наконт ваенных канфліктаў у свеце і гуманітарных крызісаў. На думку Рамзана Кадырава, шмат у чым гэта адбываецца з-за ўмяшання ва ўнутраныя справы дзяржаў звонку.