На гэтым тыдні ў Беларусі пачаўся чарговы этап мясцовых выбараў - агітацыя

21 января 2018

Да яго дайшлі не ўсе прэтэндэнты на дэпутацкі мандат. Нагадаем, першапачаткова ўдзельнічаць у электаральнай гонцы вырашылі больш за 22 500 чалавек. Аднак звыш 11 % з іх атрымалі адмову. І гэта толькі звесткі па Мінску і абласных саветах. Канчатковая колькасць зарэгістраваных кандыдатаў з улікам сельскіх акруг стане вядома ў пачатку наступнага тыдня.

Па-ранейшаму самы вялікі конкурс - у Мінскі гарадскі савет: за адно крэсла змагаюцца больш як чатыры чалавекі. На ўзроўні абласцей - конкурс у сярэднім каля двух прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат. Усе, хто прайшоў праверку, атрымалі пасведчанні кандыдатаў і зараз могуць дзяліцца з выбаршчыкамі сваімі праграмамі, выступаць у СМІ, праводзіць мітынгі і пікеты. Дзе менавіта можна арганізоўваць такія сустрэчы, вырашае мясцовая ўлада.

Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў: "Гэта рашэнне выканкамаў. Яны размешчаныя на інфармацыйных стэндах выканкамаў, і там пералічаныя месцы, дзе можна праводзіць перадвыбарныя сустрэчы. Некаторыя выканаўчыя органы паасцярожнічалі, адвялі недастаткова месцаў, мы ўсюды рэкамендавалі паправіць гэтае становішча, каб кандыдаты маглі праводзіць агітацыю досыць вольна. Я думаю, выбаршчыкі самі ўбачаць гэтыя пікеты, у асноўным ля гандлёвых цэнтраў. Дзе ходзяць выбаршчыкі, там і пікеты звычайна. Акрамя гэтага, будуць праходзіць сустрэчы, як правіла, у невялікіх залах, раней іх звалі чырвонымі куткамі, у ЖЭСах".

Ужо з заўтрашняга дня кандыдаты пачнуць змагацца за галасы выбаршчыкаў у радыёэфіры. Кожнаму прэтэндэнту на дэпутацкае крэсла вылучаць мінімум 3 бясплатныя хвіліны. Выступленні будуць у запісе ў будныя дні з 6 вечара, аж да старту датэрміновага галасавання 13 лютага. Асноўны ж дзень, нагадаем, 18 лютага.