На 110 месцаў у парламенце Беларусі зараз прэтэндуюць 502 чалавекі

25 августа 2016

Новыя лічбы ў эксклюзіўным інтэрв'ю нашаму каналу сёння назвала кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. У студыі Белтэлерадыёкампаніі адбыўся запіс чарговага звароту напярэдадні парламенцкіх выбараў. Ад далейшай перадвыбарнай гонкі адмовіліся 23 кандыдаты ў дэпутаты. Але лічба яшчэ можа змяніцца. Асабістыя рахункі для фінансавання агітацыі адкрыў 361 прэтэндэнт на дэпутацкае крэсла. Менавіта гэты паказчык, на думку кіраўніка Цэнтрвыбаркама, ілюструе рэальны конкурс у парламент. Акрамя таго, Лідзія Ярмошына падрабязна расказала аб прычынах, па якіх зараз ужо экс-прэтэндэнты сышлі з перадвыбарнай гонкі.

І сёння ў Беларусі пачаліся выбары ў верхнюю палату парламента - Савет Рэспублікі. Вызначаць прэтэндэнтаў у сенатары будуць па 13 верасня на пасяджэннях мясцовых Саветаў. Сярод кандыдатаў шмат вядомых прозвішчаў: цяперашні спікер верхняй палаты парламента Міхаіл Мясніковіч, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Арда, кіраўнік РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак Алег Румо. У іх ліку і міністр працы і сацабароны. Аднак згодна з заканадаўствам члены ўрада не могуць уваходзіць у склад Савета Рэспублікі. Мар'яна Шчоткіна ў выпадку свайго абрання пакіне паўнамоцтвы ва ўрадзе. Вынікі выбараў у беларускі сенат падвядуць да 30 верасня.