Бачанне сусветных праблем і шляхі іх вырашэння выкладаюць удзельнікі юбілейнай, 70-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН. Падыходзяць да канца сённяшнія выступленні ў рамках агульнапалітычнай дыскусіі. Да сусветнай супольнасці ўжо звярнуліся лідары Расіі і ЗША, Кітая і Ірана, Францыі. Праз гадзіну на высокай трыбуне чакаюць кіраўніка Кубы. Нагадаем, удзельнікі саміту прымуць выніковы дакумент устойлівага развіцця на наступныя 15 гадоў, у распрацоўцы якога Беларусь прыняла самы актыўны ўдзел.
Расказвае Лізавета Казакова.
Новая глабальная праграма на 15 гадоў - гэта 17 мэт і 169 задач. Па словах Генеральнага сакратара ААН, адпраўным пунктам стане дарожная карта па ліквідацыі беднаты і пабудове годнай будучыні для ўсіх жыхароў планеты.
Пан Гі Мун, Генеральны сакратар ААН: "Наша мэта зразумелая. Наша місія выканальная. Да 2030 года мы павінны выкараніць беднату і галечу і дасягнуць годнага жыцця для ўсіх. Сама меней 60 мільёнаў чалавек былі вымушаныя ўцячы са сваіх дамоў або сваіх краін. ААН папросіць 20 мільярдаў долараў на задавальненне патрэбнасцяў. Гуманітарныя агенцтвы і нашы партнёры звяртаюцца да багатых. Усім краінам неабходна рабіць больш, узяць на сябе больш абавязкаў".
Роля Арганізацыі Аб'яднаных Нацый як адзінай універсальнай міжнароднай арганізацыі, здольнай падтрымаць мір ва ўсім свеце, - бясспрэчная. І гэты тэзіс з'яўляецца цэнтральным у большасці выступленняў. На думку расійскага лідара, усе міжнародныя аперацыі, у тым ліку па барацьбе з тэрарызмам, павінны атрымліваць менавіта мандат ААН.
Дэвід Кэмеран, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі: "Зараз, калі мы прымаем новыя мэты, давайце натхнім свет на тое, чаго мы хочам дасягнуць. Па-першае, звесці смяротнасць да нуля, ліквідаваць непісьменнасць і недаяданне, знішчыць крайнюю беднату. Гэта гучны заклік да ўсяго свету - трэба пазбавіцца ад крайняй беднаты".
У сваіх выступленнях з высокай трыбуны ААН сусветныя лідары дэманструюць адзінства. Заяўляюць аб неабходнасці выкаранення беднаты, аб супрацьстаянні тэрарызму. Абмяркоўваюць канфлікт у Сірыі і міграцыйны крызіс у Еўропе, гучыць тэма антырасійскіх санкцый. Асобная ўвага сітуацыі ва Украіне і выкананню мінскіх дамоўленасцяў.
Пётр Парашэнка, прэзідэнт Украіны: "З'явілася новая форма беднаты - раптоўная і нечаканая бедната. Мы маем паўтара мільёна ўнутрана перамешчаных асоб. Штодня вайна ў Данбасе каштуе нам 5 мільёнаў долараў, якія мы б маглі інвесціраваць ва ўстойлівае развіццё. Крызіс з унутрана перамешчанымі людзьмі - паўтара мільёнамі - з'яўляецца вялізнай праблемай не толькі для Украіны, але і ўсяго рэгіёна".
Без імкнення да міру не можа быць будучыні. Беларусь паспяхова выканала пяць з васьмі мэт развіцця тысячагоддзя, у першую чаргу звязаныя з выкараненнем крайняй галечы і голаду, забяспечыла ўсеагульную пачатковую адукацыю, знізіла мацярынскую і дзіцячую смяротнасць, дабілася прагрэсу ў забеспячэнні роўнасці мужчын і жанчын. Паводле ацэнак міжнародных арганізацый, гэты паказчык выканання Беларуссю мэт развіцця з'яўляецца высокім у параўнанні з іншымі дзяржавамі свету. І на дасягнутым мы не спыняемся.













