Мірныя перамовы. "Нармандская чацвёрка" дамовілася

12 февраля 2015

"Нармандская чацвёрка" дамовілася. Больш за 15 гадзін увесь свет сачыў за навінамі, што паступалі напярэдадні з Палаца Незалежнасці ў Мінску. Перамовы прэзідэнтаў Украіны, Расіі, Францыі і канцлера Германіі без перабольшання назвалі рэкорднымі. Дыскусія, галоўная мэта якой - пераадоленне ўкраінскага крызісу, была вельмі напружанай. Кіраўнікі дзяржаў некалькі разоў вярталіся за стол перамоў. Мяняліся і фарматы сустрэч. Апошні шанц на шляху да міру (як гэтую сустрэчу назвалі палітолагі) стаў рэальнай надзеяй на выйсце з сітуацыі. Як вынік - пагадненне, на якое ўскладаюць вялікія чаканні, падпісанае. Дакумент з 13-ці пунктаў уключае дамоўленасці аб спыненні агню з 15 лютага і адвод узбраенняў. За гістарычнымі падзеямі на галоўнай пляцоўцы еўрапейскай дыпламатыі сачылі больш чым 500 журналістаў. Мінскі саміт падрабязна асвятлялі буйныя замежныя медыя. У Палацы Незалежнасці знаходзіліся і нашы карэспандэнты. Такім чынам, усё, што было ў кадры і засталося за кадрам мінскіх сустрэч, у вялікім рэпартажы Вольгі Макей.

У Нацыянальны аэрапорт "Мінск" лайнеры лідараў "нармандскай чацвёркі" напярэдадні прыбываюць літаральна крылом к крылу. Першым прызямляецца борт нумар адзін з Парыжа. Упершыню французскі прэзідэнт спускаецца па трапе ў беларускай паветранай гавані.

Шасі лайнера канцлера Германіі беларускай узлётна-пасадачнай паласы дакранаецца праз некалькі хвілін, і таксама ўпершыню. Традыцыйныя беларускія хлеб і соль Ангела Меркель раней не каштавала. Але, мяркуючы па рэакцыі, гастранамічны элемент цырыманіялу спадабаўся. Пацвярджэнне беларускай гасціннасці адразу апублікавалі ў афіцыйным твітар-акаўнце Елісейскага палаца.

Следам лайнеры найбліжэйшых суседзяў. Пётр Парашэнка, прэзідэнт Украіны, напярэдадні заявіў, што ў беларускую сталіцу ляціць толькі па мір. Самалёт Уладзіміра Пуціна ў мінскі аэрапорт прыбывае апошнім.

Такой колькасці журналістаў Палац Незалежнасці яшчэ не прымаў. Паўтысячы рэпарцёраў вядучых СМІ планеты. Многія тут упершыню, таму не саромеючыся фатаграфуюцца ў інтэр'ерах.

У чаканні прыбыцця лідараў "нармандскай чацвёркі" журналісты ў кулуарах абмяркоўваюць расстаноўку флагаў для цырымоніі фатаграфавання. Нюансы дыппратакола нібы дэманструюць: Расія і Украіна - процілеглыя берагі, Францыя і Германія - мост паміж імі. Беларусь наперадзе, нібы лакаматыў, што цягне ў мірны бок. Зрэшты, такі тэзіс апошнім часам гучыць з вуснаў многіх палітыкаў, экспертаў і журналістаў.

Сам візіт лідараў Германі і Францыі эксперты ўжо называюць дыпламатычным прарывам. Бо з вокнаў картэжа Меркель і Аланд (а ехалі яны ў адным аўтамабілі) Беларусь бачаць упершыню. Чым не нагода змяніць стаўленне да рэспублікі? Дарэчы, і Мінск надзеў парадны касцюм - уключылі ілюмінацыю.

Да прыёму гасцей самага высокага ўзроўню як заўсёды гатовы і Палац Незалежнасці. Першым прыбывае ўкраінскі лідар. Відавочна, у добрым настроі. Да пачатку перамоў у "нармандскім фармаце" Пётр Парашэнка і Аляксандр Лукашэнка сустракаюцца тэт-а-тэт. Прэзідэнт Беларусі чарговы раз канстатуе: наша краіна будзе рабіць усё для ўсталявання міру ва Украіне.

Ангела Меркель і Франсуа Аланд на чырвонай дарожцы з'яўляюцца разам у адкрытым і пазітыўным настроі. Праяўляючы гасціннасць, канцлера Аляксандр Лукашэнка сустракае букетам цюльпанаў. Дарэчы, белыя на мове кветак прыносяць шчасце.

Наступным парог Палаца Незалежнасці пераступае Уладзімір Пуцін. Прэзідэнты Беларусі і Расіі, нягледзячы на нядаўнюю сустрэчу ў Сочы, таксама пагутарылі тэт-а-тэт. Ужо пасля "нармандская чацвёрка" адпраўляецца на перамовы ў вузкім складзе. Лідары чатырох краін у спецыяльнай зале размаўляюць без тэлекамер і журналістаў.

За стол перамоў "нармандская чацвёрка" ў такім складзе садзіцца ўжо трэці раз. Дагэтуль лідары сустракаліся ў Францыі і Італіі - тады дасягнуць прарыву не ўдалося. Мінск ужо праяўляў сябе ў якасці дзейснай палітычнай пляцоўкі. Паўгода таму тут прайшоў саміт Еўразійскі саюз - ЕС - Украіна. Ужо ў верасні зноў жа ў беларускай сталіцы было прынятае мінскае пагадненне, якое дазволіла знізіць баявую актыўнасць і захаваць тысячы жыццяў.

Праз дзве гадзіны перамоў у закрытым фармаце кіраўнікі дзяржаў выходзяць на традыцыйную цырымонію фатаграфавання. Дарэчы, гальштукі прэзідэнтаў Расіі і Украіны ў чырвоных тонах, што абазначае "звярніце на мяне ўвагу". Аляксандр Лукашэнка ў сінім. На мове дрэс-коду – накіраванасць на мірныя рашэнні. На гэта настроены і афіцыйны Мінск.

Пасля гістарычнага здымка "нармандская чацвёрка" пашырае фармат. Сустрэча працягваецца ў прысутнасці членаў дэлегацыі амаль паўтары гадзіны. Затым палітыкі зноў пераходзяць да гутаркі ў вузкім фармаце. Тэт-а-тэт лідары чатырох краін размаўляюць да раніцы. Невялікі перапынак. Пуцін, Меркель, Аланд і Парашэнка пакідаюць залу, затым перамовы аднаўляюцца. Тым часам у прэс-цэнтры рэпарцёры па чарзе адпачываюць - працаваць трэба яшчэ доўга.

Фактычна марафонскія па працягласці перамовы - больш за 15 гадзін - абазначаюць, што абмеркаванне было няпростым. Зрэшты, зваротнага ніхто і не сцвярджаў. З-за мінскіх сустрэч быў затрыманы і пачатак саміту ЕС у Бруселі. Зрэшты, дыялог "нармандскай чацвёркі" ў беларускай сталіцы яшчэ напярэдадні эксперты называлі апошняй саломінкай, за якую варта ўхапіцца канфліктуючым бакам. У выніку рычагі вырашэння сітуацыі, ад якіх залежыць мір у рэгіёне, знойдзеныя менавіта ў беларускай сталіцы.

Прарыўныя дамоўленасці, да якіх так доўга ішлі ўсе бакі канфлікту, прапісаныя ў выніковых дакументах. У іх 13 пунктаў, сярод якіх спыненне агню апоўначы з 14 на 15 лютага. За два тыдні цяжкія ўзбраенні адвядуць на адлегласць ад 50 да 140 кіламетраў. Маніторынг выканання ўсіх пунктаў забяспечыць АБСЕ. У дакуменце таксама прапісана і ўвядзенне ў сілу закона, што забараняе праследаванне і пакаранне асоб, звязаных з падзеямі ў Данецкай і Луганскай абласцях. На працягу 19-ці дзён вызваляць заложнікаў у фармаце "ўсіх на ўсіх". Таксама да канца года ва Украіне павінна быць праведзеная канстытуцыйная рэформа. Лідары "нармандскай чацвёркі" падпісалі і асаблівую дэкларацыю ў падтрымку мераў па выкананні мінскіх дамоўленасцяў. Такім чынам, можна канстатаваць: у беларускай сталіцы знойдзены той самы мірны кампраміс.

Гэты дакумент, распрацаваны падчас сустрэч лідараў Расіі, Украіны, Германіі і Францыі, завізіравала кантактная група, якая вяла перамовы паралельна. Працэс гэты таксама быў няпростым і працяглым. Тым не менш мірны шанц вырашылі выкарыстаць усе бакі.

Аляксандр Захарчанка, лідар самаабвешчанай Данецкай Народнай Рэспублікі: "Мы падпісалі сёння пагадненне, якое, спадзяюся, спыніць вядзенне баявых дзеянняў і дазволіць Данецкай Народнай Рэспубліцы і Луганскай Народнай Рэспубліцы заняцца мірным будаўніцтвам на карысць нашага народа. Спадзяюся, гэтым крокам мы дапамаглі самой Украіне памяняцца, правесці пэўныя рэформы".

Ігар Платніцкі, лідар самаабвешчанай Луганскай Народнай Рэспублікі: "Гэты шанц даецца Украіне для таго, каб памяняць Канстытуцыю, пра што, дарэчы, указана ў гэтых дакументах, змяніць сваё стаўленне. На сённяшні дзень, мы лічым, гэта вялікае дасягненне Луганскай Народнай Рэспублікі, Данецкай Народнай Рэспублікі для таго, каб Украіна памянялася. Памянялася цывілізаваным шляхам, мірным шляхам, перастала забіваць уласны народ, руйнаваць дзіцячыя садкі, бальніцы і іншыя сацыяльныя і жыццёзабяспечвальныя аб'екты".

Беларуская сталіца не проста тэхнічная пляцоўка для сустрэчы. Мінску давяраюць і на Усходзе, і на Поўдні, і на Захадзе. Ангела Меркель і Франсуа Аланд падзякавалі Аляксандру Лукашэнку за створаныя ўмовы для правядзення перамоў. Беларусь і своеасаблівая мінская атмасфера сталі мостам на шляху да мірнага выніку. Лідары Францыі і Германіі па выніках сустрэчы правялі невялікую прэс-канферэнцыю. Прычым, да выступлення перад СМІ еўрапалітыкі падрыхтаваліся загадзя: прывезлі з сабой спецыяльную трыбуну з надпісам "Мінск-2015".

Франсуа Аланд, Прэзідэнт Францыі: "Вынікі сустрэчы - гэта сур'ёзная надзея на ўрэгуляванне сітуацыі на Украіне і вялікае аблягчэнне для Еўропы. Тым не менш, яшчэ трэба правесці работу па ажыццяўленні дасягнутых пагадненняў".

Ангела Меркель канцлер Германіі:

"У нас ёсць пробліск надзеі, мы ўзгаднілі імплементацыю мінскіх пагадненняў. Але, вядома, павінны быць распачатыя пэўныя крокі, і перад намі вялікія перашкоды. Але па выніку я магу сказаць, што тое, чаго мы зараз дамагліся, дае значна больш надзеі, чым было б, калі б нам гэтага дамагчыся не ўдалося. Таму я магу сказаць: ініцыятыва сябе апраўдала!".

Вынікі мінскага саміту могуць паўплываць і на выдзяленне крэдыту МВФ Украіне. Сёння стала вядома, што афіцыйны Кіеў пакуль на экспертным узроўні дамовіўся наконт атрымання фінансавай дапамогі памерам 40 мільярдаў долараў.

Палац Незалежнасці стаў цэнтрам самых значных перамоў у гісторыі вырашэння ўкраінскага канфлікту. Менавіта тут бакі знайшлі кампрамісы. А літаральна за некалькі крокаў у выставачным комплексе ў дзень саміту адкрыўся Міжнародны кніжны кірмаш. У павільёне літаратура з 28 краін - такая вось аб'яднаўчая сіла слова. Тысячы выданняў самай рознай тэматыкі, у тым ліку і гістарычнай. У хуткай будучыні мінскія сустрэчы "нармандскай чацвёркі" таксама апішуць і на старонках падручнікаў гісторыі.