"Мінскі дыялог" сабраў экспертаў, дыпламатаў і палітыкаў больш чым з 60 краін

7 октября 2019

Адна з найважнейшых падзей міжнароднага жыцця нашай краіны - "Мінскі дыялог" - стартавала сёння. Гэта форум, у якім эксперты, палітыкі, дыпламаты разам вырашаюць, як быць з выклікамі і пагрозамі сучаснасці. Кантроль над узбраеннямі, Данбас і Прыднястроўе, урокі мінулага і погляд у мірную будучыню. Гэта лейтматыў цяперашняга форуму. Без увагі не абыдзецца і эканамічны блок пытанняў. "Еўрапейская бяспека: адысці ад краю прорвы" - менавіта так гучыць галоўная тэма дыскусіі. Над ёй на працягу трох дзён будуць працаваць вядучыя эксперты, дыпламаты і афіцыйныя асобы з больш чым 60 дзяржаў. Ператварыць Усходнюю Еўропу ў вобласць супрацоўніцтва, а не канфрантацый - гэта звышзадача "Мінскага дыялогу". Ці выканальная яна?

Вырашэнні глабальных канфліктаў разам з экспертамі шукала Вераніка Бута. Летась "Мінскі дыялог" сабраў каля 500 чалавек. Сёлета для ўдзелу ў перагаворнай пляцоўцы зарэгістраваліся больш за 700. Плюс пашыраецца геаграфія. Такі ажыятаж - абнадзейлівы знак, што бакі ўсё больш выказваюць жаданне чуць адзін аднаго. Наша ўнікальнае геаграфічнае становішча і не менш унікальная пазіцыя шматвектарнай палітыкі дазваляюць унесці ў сістэму еўрапейскай бяспекі сапраўды сур'ёзны ўклад.

У такім складзе ў так званым мазгавы штурме (а дыялог у Мінску сапраўды адкрыты) ўдзельнічаюць прадстаўнікі і НАТА, і АДКБ, і АБСЕ. ЗША, Германія, Турцыя, Расія, Кітай - сюды прыйшлі далёка не аднадумцы, але па выніку работы гэтай пляцоўкі менавіта аднадумцамі ў ідэале яны павінны пакінуць залу.

Канфлікт на Данбасе, супрацьстаянне Расіі і Захаду, Сірыя. На жаль, спіс праблем на кантыненце не памяншаецца. Але гэта зусім не значыць, што ад такіх форумаў няма практычных вынікаў. Далёка хадзіць не будзем. Украінскі канфлікт. Ён у цэнтры ўвагі форуму з першага дня. Некаторыя ідэі па наладжванні міру ў нашых суседзяў, якія абмяркоўваюцца тут, на мінскай пляцоўцы, затым укладваліся ў вусны многіх міжнародных экспертаў на іншых форумах. Беларусь прадоўжыць прытрымлівацца сваёй пазіцыі па гэтай праблеме. Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства гэта пацвярджае: трэба зрабіць усё магчымае, каб хутчэй спыніць узброены канфлікт.

Беларусь няхай тэрытарыяльна краіна невялікая, але голас на сусветнай арэне гучны і ўпэўнены. Актыўна працуем па двух напрамках. Па-першае, гэта ініцыятывы заўтрашняга дня. Скажам, усім вядомая ідэя вялікага дыялогу аб будучым уладкаванні сістэмы бяспекі, як "Хельсінкі-2". Каб гэта можна было рэалізаваць, вельмі важна тут і зараз вырашыць яшчэ шэраг пытанняў, якія могуць сцягнуць у катастрофу. Ад Беларусі ёсць і такія ініцыятывы. Напрыклад, Беларусь абвясціла ідэю інфармацыйнага і кібернейтралітэту, а таксама стварэння інфармацыйнага пояса добрасуседства. У сённяшніх рэаліях не менш страшная вайна інфармацыйная. А таму сёння без увагі не засталася і наша праца - праца сродкаў масавай інфармацыі. Мяжа паміж праўдай і няпраўдай, на жаль, сціраецца: у 2017-м словам года абвясцілі Fake News. Ці ёсць правілы ў гэтай гульні? Ці павінны мы дамовіцца наконт базавага кодэкса паводзін у журналістыцы? Секцыя, дзе няма адназначных адказаў, атрымалася эмацыянальнай і глыбокай.

Безумоўна, "Мінскі дыялог" далёка не адзіны форум, дзе гавораць пра мір. Аднак часцей за ўсё, на жаль, там хутчэй абмяркоўваюць зусім не агульныя меры бяспекі і правілы гульні, а шукаюць саюзнікаў і ствараюць кааліцыі. У Мінску гэтае правіла не працуе. Адбор удзельнікаў вельмі сур'ёзны, каб гэтага не дапусціць. Нейтральная пазіцыя - шмат у чым дзякуючы ёй імідж Мінска як перагаворнай пляцоўкі сур'ёзна павысіўся за апошнія гады.

Што вельмі важна: да работы з гэтага года падключылі і маладых людзей. Група лідараў прыехала ў Мінск за два дні да форуму. Сёння яны выклалі сваё свежае бачанне бяспекі ў рэгіёне.

Мінск можа стаць экспертнай Мекай, перакананы кіраўнік беларускага МЗС. Да ініцыятыў, агучаных на беларускай пляцоўцы, прыслухоўваюцца і на Захадзе, і на Усходзе. Плюс афіцыйны Мінск - мяжа двух эканамічных саюзаў: Еўразійскага і Еўрапейскага. Беларусь заўсёды за сумленнае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва па ўсіх пытаннях. Зрэшты, дэталёва да гэтай гутаркі неўзабаве вернуцца. Уладзімір Макей анансаваў візіт Аляксандра Лукашэнкі ў ЕС да канца года. Без тэмы двухбаковага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння інтэграцый не абыдзецца.

Экспертны дыялог прадоўжыцца да серады. Зрэшты, у гэтыя хвіліны госці ўсё яшчэ за сталом перамоў - абмяркоўваюць сітуацыю на Данбасе. Вядома, каб вырашыць многія глабальныя пытанні, трох дзён недастаткова. Праходзяць гады, а часам і цэлыя дзесяцігоддзі. Але спакойнае жыццё таго вартае, каб сесці за стол перамоў і загаварыць на адной мове - мове міралюбнасці, мове чалавечых лёсаў.