Мінск сёння сустракаў дэлегатаў Пятага Усебеларускага народнага сходу

21 июня 2016

Ужо заўтра дзве з паловай тысячы чалавек возьмуць удзел у найважнейшым палітычным форуме. Сярод народных дэлегатаў - прадстаўнікі працоўных калектываў, урачы і педагогі, прамыслоўцы, энергетыкі, прадстаўнікі АПК, вайскоўцы і студэнты, дэпутаты Нацыянальнага сходу, кіраўнікі рэспубліканскіх і мясцовых органаў дзяржкіравання. Падчас народнага веча з дакладам выступіць Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы падвядзе вынікі, вызначыць перспектывы сацыяльна-эканамічнага развіцця, акрэсліць праблемныя пытанні і шляхі іх вырашэння. Размова пойдзе і аб знешняй палітыцы, і аб наладжванні партнёрскіх адносін з акцэнтам на гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Белтэлерадыёкампанія і Агенцтва тэленавін, пачынаючы з самой раніцы, будуць у прамым эфіры асвятляць ключавыя падзеі маштабнага форуму. Але гэта ўсё заўтра. А сёння ў праграме дэлегатаў - знаёмства з новым Мінскам.

Расказвае Вераніка Бута: Да правядзення народнага веча Мінск гатовы. Дэлегаты з усіх куткоў рэспублікі сёння прыбылі ў беларускую сталіцу. Прадстаўнікі працоўных калектываў, урачы і педагогі, кіраўнікі буйных кампаній, студэнты і рабочыя. Менавіта ім трэба будзе вырашыць, як краіна будзе развівацца ў найбліжэйшыя пяць гадоў.

Найважнейшая палітычная падзея года стартуе заўтра. А сёння ў праграме - знаёмства з новым Мінскам. Шматлікія госці не былі ў сталіцы з папярэдняга сходу. І для іх гэта своеасаблівая справаздача таго, як выканана папярэдняя праграма, і час, каб падзяліцца вопытам адзін з адным.

Дыялог па традыцыі абяцае быць шчырым, а праца прадукцыйнай. Кожны з дэлегатаў будзе пачуты, а агульнае рашэнне знойдзе адлюстраванне ў праграме на пяцігодку.

Зарплаты, цэны, крэдыты, будаўніцтва, жыллёва-камунальныя слугі - пытанні, якія хвалююць кожнага з нас. Ацэнка куды больш чым аб'ектыўная і непрадузятая - па 350 чалавек прадстаўляюць усе вобласці Беларусі. У кожнага свой погляд і прапановы.

Будучая праграма заклікана залажыць фундамент новай беларускай эканомікі. На думку шматлікіх дэлегатаў, у тым ліку замежных, галоўнае пытанне 5-га форуму - гэта ўмацаванне суверэнітэту і незалежнасці краіны.

Удзел у Пятым Усебеларускім народным сходзе прыме рэкордная колькасць замежных гасцей. Сярод запрошаных прадстаўнікі 55 краін: прадстаўнікі беларускай дыяспары і нашы партнёры па бізнесе.

Беларусь-2020 года - гэты электронны ўрад, 50 тысяч рабочых месцаў кожны год, даступныя жыллё і крэдыты, а працягласць жыцця большая за 75 гадоў. Каб рэалізаваць лёсавызначальныя рашэнні, якія прымуць на гэтым тыдні, спатрэбіцца прыняць мінімум 160 прававых актаў.

Абмеркаванне задач на пяць гадоў будзе самым шырокім - у Пятым Усебеларускім народным сходзе прыме ўдзел каля дзвюх з паловай тысяч дэлегатаў. Гэта прадстаўнікі з усёй рэспублікі. Рэгіянальныя планы будучыні сугучныя з рэспубліканскімі. У аснове дзяржпраграмы, якую трэба будзе абмеркаваць у найбліжэйшыя два дні, - павышэнне якасці жыцця чалавека. Згодна з праектам дакумента, наша рэспубліка захавае нацыянальную мадэль сацыяльна арыентаванай эканомікі.

Маштабны форум пачне працу заўтра апоўдні, а завершыцца ў чацвер. За два дні на народным вечы вырашаць самыя актуальныя пытанні для кожнага з нас і вызначаць арыенціры развіцця краіны ў цэлым на найбліжэйшыя пяць гадоў.