Развіццю агульнага аграрнага рынку Беларусі і Расіі перашкаджаюць канфіскацыя і абмежаванні на пастаўкі прадукцыі. Сёння ў сталіцы саюзныя парламентарыі падагульнілі работу па ключавых кірунках інтэграцыйнага ўзаемадзеяння. У цэлым Мінску і Маскве атрымалася скараціць абмежаванні па ўзаемных пастаўках, але частковыя забароны ў дачыненні шэрагу мяса-малочных прадпрыемстваў нашай краіны захоўваюцца. Рашэнне гэтых пытанняў - на кантролі профільных ведамстваў. Саюзнікі дасягнулі разумення і ў паглыбленні адзінай аграрнай палітыкі. Ключавыя пазіцыі дзвюх краін узгодненыя: яны стануць часткай праграмы саюзнай інтэграцыі.
Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: "У нас на сённяшні дзень ёсць шмат праблемных пытанняў. Мы не змаглі стварыць адзіны рынак і роўныя ўмовы для суб'ектаў гаспадарання. На гэты конт зараз ёсць даручэнне прэзідэнтаў РБ і РФ, над гэтым даручэннем працуюць урады. Ім дадзены тэрмін да 25 чэрвеня ўнесці прапановы па далейшым паглыбленні нашай інтэграцыі".
Партнёрам трэба будзе надаць імпульс у стварэнні адзінага паліўна-энергетычнага рынку, паскорыць запуск агульнай транспартнай палітыкі. Несумленная канкурэнцыя - біч машынабудаўнічых гігантаў дзвюх краін. А між тым, сумесных праектаў толькі ў гэтай сферы нямала. Так, у Расіі плануецца запуск вытворчасці самазвалаў БелАЗ - пілотны праект зараз у стадыі прапрацоўкі. Пакуль без адказу і перспектыва адмены роўмінгу на саюзнай тэрыторыі. Мінск і Масква так і не знайшлі адзіных падыходаў. Гэтым пытаннем зоймецца саюзны Саўмін.
Мінск і Масква ўзгаднілі пазіцыі па адзінай аграрнай палітыцы
17 июня 2019













