Мінск рыхтуецца прыняць трэці Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі

6 июня 2016

Ён адкрываецца ўжо заўтра. Ключавыя пытанні - роўныя правы грамадзян Беларусі і Расіі і моладзевая палітыка. У мерапрыемствах форуму прыме ўдзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Чакаецца, што Кіраўнік дзяржавы 8 чэрвеня выступіць на пленарным пасяджэнні форуму. Як паведаміла прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант, у гэты ж дзень запланавана двухбаковая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Яна адбудзецца ў Палацы Незалежнасці. Прэзідэнты абмяркуюць актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня, узаемадзеянне ў інтэграцыйных аб'яднаннях, міжнародную праблематыку. А ўдзельнікі трэцяга Форуму рэгіёнаў асаблівую ўвагу нададуць пашырэнню рэгіянальнага супрацоўніцтва і ўсталяванню прамых кантактаў паміж прадпрыемствамі і арганізацыямі Беларусі і Расіі ў розных сферах - ад эканомікі да гуманітарных праектаў. Па выніках перамоў чакаюць і падпісання кантрактаў.

Аб пытаннях, якія плануюць абмеркаваць палітыкі, заканадаўцы і эканамісты, наш карэспандэнт Святлана Лук'янюк. Тое, што гэты тыдзень у Мінску пройдзе пад знакам беларуска-расійскага супрацоўніцтва, відаць няўзброеным вокам. Флагі дзвюх краін і білборды з прывітаннем на галоўным праспекце. Беларуская сталіца сёлета прымае трэці Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Афіцыйна мерапрыемства стартуе заўтра, але ўжо сёння адкрыліся першыя канферэнцыі.

Сярод іх пасяджэнне экспертнага клуба. Палітыкі дзвюх краін гаварылі аб перспектывах развіцця адзінай гуманітарнай прасторы. Менавіта гэта тэма сёлета на форуме загаловачная. Агульнае інфармацыйнае і адукацыйнае поле, а таксама ўзгодненасць і ў іншых сферах.

Беларусь і Расія заўсёды рабілі стаўку на рэгіянальнае супрацоўніцтва. Гандаль і кааперацыя менавіта ў такім фармаце і ўносілі свой уклад у агульны тавараабарот. Летась ён знізіўся на 15 %. Але бакі лічаць гэту з'яву часовай. Да таго ж на ўзроўні рэгіёнаў лягчэй дамовіцца прадпрыемствам, ды і ў выпадку чаго хутчэй вырашаюцца спрэчныя пытанні.

Першы форум рэгіёнаў прайшоў у Мінску ў 2014. Тады галоўнай тэмай для дыскусій быў АПК, летась у Сочы - прамысловая палітыка.

Гэтым разам удзельнікі звернуць увагу на гарманізацыю заканадаўства ў сацыяльнай сферы, якія патрэбны практычныя крокі, каб павышаць дабрабыт людзей і ствараць ім роўныя ўмовы. У перспектыве - выхад на адзіныя сацыяльныя стандарты.

Форум аб'яднае больш за 350 беларусаў і расіян. Мы чакаем прадстаўнікоў 30 рэгіёнаў Расіі. Па выніках перамоў будуць падпісаны кантракты. Віцебшчына ўжо заявіла аб пагадненнях на мільярд расійскіх рублёў, Брэстчына - на 4 з паловай, а Гродзеншчына - на 70 мільёнаў. У асноўным гэта мяса і малако. Не прапускае магчымасці ўмацаваць сувязі і лёгкая прамысловасць. Сёлета пасля спаду ў гандлі Беллёгпрам адзначае рост.

Чакаецца, што гэты форум папоўніць агульную скарбонку ў 70 двухбаковых пагадненняў аб супрацоўніцтве яшчэ на 15. У Беларусі створана амаль 3 тысячы арганізацый з расійскімі інвестыцыямі. У Расіі працуе больш за тысячу кампаній з беларускім капіталам. Аб'ём узаемнага гандлю за мінулы год - 27 з паловай мільярдаў долараў. За першы квартал гэтага - амаль 5 з паловай. Лепш усяго гандлюем з Масквой, Санкт-Пецярбургам, Цюменскай, Смаленскай, Арэнбургскай, Ніжагародскай, Калужскай абласцямі.

Спецыяльна да форуму сёлета і міжнародная выстава "Белагра-2016". Сёлета для экспазіцыі вялізная пляцоўка - тэрыторыя аэрапорта Мінск-1. Яна аб'яднае больш за 500 кампаній з 20 краін. На выставе чакаюць і дэлегацыі з расійскіх рэгіёнаў. Гэта магчымасць сябе паказаць і знайсці партнёраў па бізнесе.

Летась у Сочы, дзе праходзіў другі Форум рэгіёнаў, мы таксама прывозілі лепшыя ўзоры свайго машынабудавання: будаўнічага, кар'ернага і сельскагаспадарчага. Традыцыйна да такіх мерапрыемстваў высокая цікавасць кіраўніцтва дзвюх краін. Прэзідэнты прымаюць удзел у пасяджэннях, дзе абмяркоўваецца ключавое ў двухбаковым супрацоўніцтве, а таксама аглядаюць экспазіцыі тэхнічных дасягненняў Беларусі і Расіі. Тады і зараз гутарка на канферэнцыях і семінарах аб паглыбленні гандлёвых сувязяў, узгодненай эканамічнай палітыцы і супрацоўніцтве ў розных галінах.

Сёлета ў Мінску чакаюць і мэра Масквы Сяргея Сабяніна. Плануецца падпісанне плана праграмных мерапрыемстваў на 2 гады. А сёння ў сталіцы стартавалі Дні Масквы кніжнай выставай аб расійскай сталіцы і фотаэкспазіцыяй "Мая Масква". А таксама фіналам творчага конкурсу на ваенную тэму.

Творчыя саюзныя сустрэчы заўтра прадоўжацца круглымі сталамі аб медыцынскім абслугоўванні, працы служб занятасці, падтрымцы людзей з абмежаванымі магчымасцямі і праекце "Захавальнікі ведаў". Моладзі Беларусі і Расіі на гэтым форуме - зялёнае святло. Сёння яны адкрылі сумесны форум. Кіраўнікі буйных моладзевых аб'яднанняў дзвюх краін і грамадскія дзеячы гаварылі аб агульных задачах.

Сярод іншых мерапрыемстваў тыдня ў рамках трэцяга Форуму - фестываль рэгіянальных тэлеканалаў "Аблічча часу", дзе прымаюць удзел 27 тэлекампаній з 16 рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Гутарка аб прыцягненні іх увагі да тэматыкі эканамічнага і сацыяльна-гуманітарнага супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў.

Гэтыя і шматлікія іншыя пытанні, якія сёння хвалююць беларускія рэгіёны і суб'екты Расійскай Федэрацыі, будуць на гэтым тыдні на парадку дня шматлікіх пасяджэнняў. Афіцыйнае адкрыццё трэцяга Форуму рэгіёнаў ужо заўтра.