Мінск рыхтуецца прыняць саміт АДКБ

30 ноября 2017

Сесія савета арганізацыі хутка пачне сваю працу ў Палацы Незалежнасці. У саміце прымуць удзел прэзідэнты Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана. Падрабязнасці ў Аляксея Марцінёнка.

Мінск ужо трэці раз прымае саміт АДКБ на вышэйшым узроўні. І інфармацыйны фон гэтага форуму можна назваць унікальным. Так што эксперты чакаюць ад арганізацыі вялізнага рэгіянальнага маштабу сапраўды важкіх вынікаў працы.

Чаканні гэтыя заснаваныя і на беларускім старшынстве. Ініцыятывы нашай краіны, заяўленыя як асноўныя яшчэ ў пачатку года, сталі своеасаблівым люстэркам сусветных працэсаў. Да прыкладу, ужо ніхто не спрачаецца, што сапраўды абвастрыліся нават традыцыйныя для АДКБ выклікі: міжнародны тэрарызм, распаўсюджванне наркотыкаў і незаконная міграцыя. Плюс стаяць амбіцыйныя задачы ўзмацніць уплыў арганізацыі на міжнароднай арэне і павысіць аператыўную гатовасць калектыўных сіл. Важны акцэнт зроблены і на эканамічнай бяспецы.

Чакаецца, што ў саміце прымуць удзел кіраўнікі ўсіх дзяржаў - членаў АДКБ. Учора ў Мінск прыляцелі прэзідэнты Кыргызстана і Казахстана. Нурсултан Назарбаеў ужо абмеркаваў з Аляксандрам Лукашэнкам пытанні двухбаковых адносін. Яго візіт таксама прымеркаваны да 25-годдзя ўстанаўлення дыпадносін паміж краінамі.

Дарэчы, роўна чвэрць стагоддзя таму быў падпісаны і Дагавор аб калектыўнай бяспецы. З гэтай нагоды лідары падпішуць асобную дэкларацыю. А вось на рабочым парадку дня - мноства цікавых пунктаў.

Ад прыняцця бюджэту і нюансаў інфармацыйнай бяспекі да рашэння савета аб эмблеме і флагу арганізацыі - усе падрабязнасці мы даведаемся ўжо зусім хутка.