Міністр замежных спраў Беларусі заклікаў паставіць кропку ў халоднай вайне

22 сентября 2017

ААН павінна стаць практычным інструментам для рашэння спрэчак без насілля і вайны. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі, калі выступаў з трыбуны Генеральнай асамблеі ААН. Уладзімір Макей заклікаў паставіць кропку ў халоднай вайне, якая ў свой час не завяршылася прыняццем мірнай дамовы, што выклікала глабальную палітычную нестабільнасць у свеце.

Уладзімір Макей адзначыў, што некаторым гэтая ідэя можа здацца нерэальнай. Але менавіта гэтак жа тры гады таму ўспрымалася прапанова Прэзідэнта Беларусі ўвесці міратворцаў ва Украіну. А зараз яе актыўна абмяркоўваюць у ААН. Падчас свайго выступлення кіраўнік МЗС закрануў і пытанне глабалізацыі, якая не спрацавала па формуле "выйграваюць усе". Зрабіць працэс больш справядлівым можна за кошт інтэграцыі інтэграцый - узаемадзеяння і спалучэння паміж рэгіянальнымі працэсамі, а таксама кітайскай ініцыятывы "Адзін пояс - адзін шлях".

Асобна міністр замежных спраў спыніўся на тэме абнаўлення ААН. Новы генсак запусціў працэс усёабдымнай рэформы арганізацыі, і Беларусь у цэлым вітае гэтае распачынанне. Пры гэтым Мінск лічыць, што поспех магчымы, калі працэс будзе празрысты, не прывядзе да бюракратызацыі і стане інклюзіўным. Голас кожнай дзяржавы-члена павінен быць пачуты.

Сёння агульнапалітычная дыскусія на палях ААН працягваецца. Вялікая ўвага будзе прыкавана да выступлення кіраўніка МЗС КНДР у сувязі з абвастрэннем сітуацыі на Карэйскім паўвостраве.