Міністэрства замежных спраў падвяло вынікі працы за мінулы год

13 февраля 2014

Міністэрства замежных спраў Беларусі падвяло вынікі працы за мінулы год. Прыярытэтам па-ранейшаму застаецца Садружнасць Незалежных Дзяржаў і актыўны курс на ўсходні вектар. Падрабязнасці ў нашых карэспандэнтаў.


Расказвае Вадзім Марцішэўскі: 2013 год Беларусь старшынствавала ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў. І адказную працу афіцыйнага Мінска ў міжнародным маштабе шэраг экспертаў прызнаў адной з самых эфектыўных за апошні час. Як вынік, паміж краінамі СНД складзена 20 шматбаковых дамоў і прынята больш за 50 рашэнняў па стымуляванні ўсіх кірункаў міждзяржаўнага супрацоўніцтва, першым чынам эканамічнага.


У якасці аднаго з галоўных вынікаў мінулага года адзначаецца яшчэ большае ўмацаванне беларуска-расійскага партнёрства, у тым ліку ў рамках Саюзнай дзяржавы і ў фарматах Адзінай эканамічнай прасторы і Мытнага саюза.


Асаблівае значэнне мае імкненне Беларусі, Расіі і Казахстана сумесна развіваць інтэграцыйны праект, нацэлены на стварэнне да наступнага года Еўразійскага эканамічнага саюза.


Вядзецца актыўная праца з ЕС. Прычым гэта датычыцца не толькі гандлю. Чакаецца, што ўжо да канца гэтага года паміж Еўрасаюзам і Беларуссю могуць быць падрыхтаваныя дамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму.


На хуткасць гэтага працэсу паўплывае неабходнасць узгаднення дакументаў у самім ЕС. У Бруселі адзначаюць, што беларусам выдаецца адна з найбольшых колькасцяў шэнгенскіх віз у свеце пры вельмі малым ліку адмоў. І іх кошт будзе паніжаны для грамадзян Беларусі пасля падпісання дамовы.


Поспехамі адзначаны азіяцкі вектар, тут гаворка ідзе першым чынам пра ключавога і стратэгічнага партнёра Беларусі ў гэтым рэгіёне - Кітай.


Дзве краіны вядуць актыўны палітычны дыялог, абменьваюцца візітамі як высокага, так і вышэйшага ўзроўню. Па выніках мінулага года Кітай заняў чацвёртае месца сярод гандлёвых партнёраў нашай краіны, якія не ўваходзяць у СНД.


Тавараабарот з КНР перавысіў тры мільярды долараў. Двухбаковыя адносіны заснаваныя не толькі на чыстым гандлі, але і ў значнай ступені на стварэнні сумесных вытворчасцяў.


Прыярытэты застаюцца нязменнымі, калегія Міністэрства замежных спраў, пазначыўшы задачы на гэты год, асаблівую ўвагу плануе надаць пытанням працы ў рамках сённяшніх інтэграцыйных структур, а таксама захаванню, развіццю рынкаў збыту і засваенню новых гарызонтаў.