МЗС Беларусі выказала заклапочанасць заявай аб пераглядзе ацэнак дзеянняў палявога камандзіра Рамуальда Райса

12 марта 2019

МЗС Беларусі выказала заклапочанасць заявай Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы  аб пераглядзе ацэнак дзеянняў палявога камандзіра Рамуальда Райса (так званага "Бурага"). Размова ідзе аб спробе абяліць злачынцу, які асабіста аддаваў загады і  ўдзельнічаў у забойстве мірных жыхароў беларускіх вёсак на Падляшшы. 


З заявы МЗС Беларусі:  


"Нашу асаблівую заклапочанасць выклікаў адкрыты цынізм асобных польскіх "даследчыкаў", на высновы якіх абапіраецца заява Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы. У прыватнасці, у яго апраўданне яны канстатуюць, што "Буры" меў магчымасць "спаліць не пяць, а значна больш беларускіх вёсак у павеце Бельск-Падляшскі".



У МЗС чакаюць ад уладаў Польшчы публічных афіцыйных каментарыяў адносна таго, ці з'яўляецца такая ацэнка дзеянняў "Бурага" афіцыйным пунктам погляду. Для тлумачэнняў у МЗС Беларусі быў выкліканы пасол Польшчы. З абурэннем успрынялі апраўданне польскага ваеннага злачынцы і ў Нацыянальным сходзе Беларусі.