МЗС Беларусі заклікаў да хутчэйшага вырашэння пытання наконт старшынства ў АДКБ

14 февраля 2019

Зараз дамоўленасці аб прызначэнні няма толькі з Арменіяй. Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы працуе без кіраўніка ўжо каля паўгода. Згодна з правілам чарговасці, наступны генеральны сакратар павінен быць ад беларускага боку. На пасаду прапанаваны Станіслаў Зась. Яго кандыдатуру яшчэ ў снежні адобрылі лідары пяці дзяржаў.

Анатоль Глаз, начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі:

"АДКБ працуе без генеральнага сакратара ўжо працяглы час. Сітуацыя не ідзе на карысць арганізацыі і патрабуе хутчэйшага вырашэння. Тым больш што на сустрэчах у Астане і Санкт-Пецярбургу кіраўнікі дзяржаў АДКБ выказаліся на карысць кандыдата ад Беларусі.

З-за таго, што летась у снежні ў Арменіі праходзілі парламенцкія выбары, затым фарміраваўся ўрад, мы з разуменнем паставіліся да таго, што ў прэм'ер-міністра Арменіі не было магчымасці сустрэцца з беларускім кандыдатам".

 

У МЗС нашай краіны выказалі надзею, што армянскі бок ужо ў найбліжэйшы час паведаміць аб тэрмінах сустрэчы з Дзяржсакратаром Савета бяспекі Беларусі Станіславам Засем. У ведамстве ўпэўнены, што дзяржавы - члены арганізацыі зацікаўлены ў тым, каб гэты тэхнічны момант дзейнасці АДКБ не паўплываў на працу арганізацыі і двухбаковыя адносіны паміж яе удзельнікамі.