МЗС Беларусі запатрабавала тлумачэнняў ад Вільнюса

6 июня 2017

Звязана гэта з выказваннямі прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ. У інтэрв'ю тэлекампаніі LRT яна абвінаваціла нашу краіну ў пагрозе для краін Балтыі і Польшчы. У Міністэрства замежных спраў быў выкліканы пасол Літвы. Як паведамілі ў прэс-службе ведамства, падчас сустрэчы беларускі бок заявіў, што скарыстаная прэзідэнтам Грыбаўскайтэ лексіка, уключаючы словы "агрэсіўныя гульні", з'яўляецца абразай для краіны, якая вядзе міралюбную палітыку і ўносіць рэальны і агульнапрызнаны ўклад у справу ўмацавання бяспекі ўсяго рэгіёна. Такія заявы, падкрэслілі ў прэс-службе МЗС, робяцца, каб павысіць сваю пазнавальнасць сярод партнёраў у НАТА і папулярнасць у выбаршчыкаў. "Вельмі дзіўна, што падобная рыторыка гучыць з вуснаў прэзідэнта краіны, дружалюбныя адносіны з якой змацаваныя дамовай аб добрасуседстве і супрацоўніцтве, якая дзейнічае ўжо больш як 20 гадоў", - дадалі ў МЗС. Увагу пасла Літвы асабліва звярнулі на тое, што ключавое слова ў гэтай дамове - "добрасуседства", "бо суседзяў, як вядома, не выбіраюць - іх дае Бог".