Мэр горада Мікалай Ладуцька сёння правёў вялікую прэс-канферэнцыю

23 января 2013
За архітэктурны вобраз дзелавога цэнтра Мінск-Сіці змагаюцца 15 кампаній з сусветным імем. Сярод іх - архітэктары Чыкага, Вашынгтона, Сіэтла і Лондана. Час на падрыхтоўку ў іх яшчэ ёсць. Конкурс на галоўны архітэктурны праект сталіцы падоўжаны да мая.
Ацаніць змены ў беларускай сталіцы змогуць і госці горада. Ужо ў лютым чакаем чэмпіянат свету па велатрэку, а ў маі - чэмпіянат Еўропы па боксе. Накаўт маштабным будоўлям - крыху пазней, бліжэй да канца года. Разам з новым календаром будзе гатова і другая пляцоўка чэмпіянату свету па хакеі - лядовая арэна ў Чыжоўцы.
Усё новае абрасце такім атрыбутам цывілізацыі, як паслуга Wi-Fi. Па ўсёй сталіцы сёлета з'явяцца 400 пунктаў доступу. Правядуць бесправадны Інтэрнэт і ў кафе, і ў рэстараны. А госці сусветнага першынства па хакеі будуць карыстацца ім па спецтарыфах. 
Калі гаварылі пра самае надзённае - тэму будаўніцтва, не абмінулі і новы мікрараён Зялёны Бор. Канцэпцыя яго комплекснай забудовы толькі рыхтуецца. Большасць праблемных пытанняў там звязана з узвядзеннем адпаведнай інфраструктуры - дзіцячых садоў, школ і паліклінік. Але ўсё гэта ёсць ў межах МКАД. І ў дадзеным плане мэрыя знайшла рэзервы. На месцы дамоў барачнага тыпу ў неўзабаве з'явяцца шматпавярхоўкі.
Гэты год, аб'яўлены Годам беражлівасці, для сталіцы будзе сугучны і з годам маштабнай мадэрнізацыі прамысловасці. Яна закране больш за паўтысячы прадпрыемстваў і на суму 1 мільярд 700 мільёнаў долараў. Гэта павінна паўплываць на рост дабаўленай вартасці прадукцыі, выручкі, а ў выніку і на рост зарплаты работнікаў. Па ўсёй сталіцы прагназуюць павелічэнне даходаў насельніцтва на 20-25%.