М. Сайдык: Ствараецца ўражанне, быццам бакі канфлікту рухаюцца ў процілеглым кірунку

4 декабря 2018

У Мінску прайшла сустрэча кантактнай группы. Выконваючы прынцып міралюбнасці і нейтралітэту, Беларусь працягвае заставацца цэнтральнай пляцоўкай па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне. У Мінску зноў гучаць заклікі да дээскалацыі канфлікту ў Данбасе. Як заявіў па выніках сустрэчы кантактнай групы спецпрадстаўнік АБСЕ Марцін Сайдык, ствараецца ўражанне, быццам бакі канфлікту замест мірнага ўрэгулявання рухаюцца ў процілеглым кірунку.

Марцін Сайдык, спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе: "Нягледзячы на намаганні ТКГ, напружанасць у зоне канфлікту і вакол яе, на жаль, не памяншаецца. Ствараецца ўражанне, што бакі замест таго, каб шукаць шляхі мірнага вырашэння канфлікту, насамрэч рухаюцца ў процілеглым кірунку. Я глыбока заклапочаны такой сітуацыяй".

Раней Марцін Сайдык выяўляў занепакоенасць у сувязі з сітуацыяй вакол керчанскага інцыдэнту і заклікаў бакі да стрыманасці. Нагадаем, з 26 лістапада ў абласцях Украіны, якія мяжуюць з Расіяй і Прыднястроўем, было ўведзена ваеннае становішча тэрмінам на 30 сутак. Неўзабаве быў забаронены і ўезд на тэрыторыю краіны расійскім грамадзянам мужчынскага полу ва ўзросце ад 16 да 60 гадоў. За гэты час ва Украіну не пусцілі больш як 600 чалавек.

Як заявіў сёння прэзідэнт Пётр Парашэнка ў эфіры ўкраінскага тэлеканала ICTV, Кіеў рыхтуе іск у Міжнародны суд ААН, каб: "прыцягнуць Расію да адказнасці за агрэсію ў адносінах да Украіны". Як раз падчас выступлення Парашэнкі ўпаўнаважаны Вярхоўнай рады па правах чалавека Людміла Дзянісава страціла прытомнасць.

Парашэнка перапыніў сваё выступленне і дапамог адвесці Дзянісаву за межы студыі. Пасля гэтага ўкраінскі лідар падкрэсліў, што омбудсмен працуе па 20 гадзін на суткі дзеля вызвалення маракоў.