Марцін Сайдык: Мінскі фармат перамоў даказаў сваю эфектыўнасць

30 января 2019

Мінскі фармат перамоў даказаў сваю эфектыўнасць. З пачатку гэтага года не было зарэгістравана ніводнай грамадзянскай ахвяры на ўсходзе Украіны. Гэта заявіў спецпрадстаўнік АБСЕ Марцін Сайдык па выніках чарговага пасяджэння трохбаковай кантактнай групы. Адзін з галоўных прыярытэтаў яе дзейнасці, нагадаў дыпламат, гарантаванне бяспекі і годных умоў жыцця для насельніцтва ў зоне канфлікту.

Марцін Сайдык, спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе:

"Як вы ведаеце, летась атрымалася істотна скараціць лік ахвяраў сярод грамадзянскага насельніцтва да самага нізкага ўзроўню з пачатку канфлікту. І гэтая тэндэнцыя сёлета пакуль захоўваецца. Паводле папярэдніх дадзеных СММ АБСЕ, гэта відавочна важная падзея. З пачатку года па стане на заўчарашні дзень не было зарэгістравана ніводнай грамадзянскай ахвяры. Гэта відавочны доказ таго, што праца трохбаковай кантактнай групы ў Мінску прыносіць вынікі".

25 студзеня адбылася відэаканферэнцыя дыпламатычных саветнікаў "нармандскай чацвёркі", дзе было вырашана надаць увагу гуманітарным пытанням. У іх ліку - паляпшэнне ўмоў перасячэння лініі судакранання, абмен палоннымі, забеспячэнне захаванасці жыццёва важнай грамадзянскай інфраструктуры. Гэтыя тэмы сталі сёння прадметам абмеркавання кантактнай групы і яе працоўных падгруп. Наступнае пасяджэнне, як чакаецца, пройдзе 13 лютага.