М. Сайдык: Лік выпадкаў парушэння рэжыму цішыні значна скараціўся

11 июля 2018

Колькасць выпадкаў парушэння рэжыму спынення агню на ўсходзе Украіны значна скарацілася. Заявіў спецпрадстаўнік АБСЕ Марцін Сайдык па выніках пасяджэння трохбаковай кантактнай групы ў Мінску.

Нагадаю, з 1 ліпеня ў Данбасе было аб'яўлена так званае хлебнае перамір'е. Паводле дадзеных падгрупы па бяспецы, інтэнсіўнасць узаемных абстрэлаў знізілася на 80%. Зрэшты, Марцін Сайдык канстатаваў, што ў апошнія дні сітуацыя зноў пачынае абвастрацца.

Таксама сёння стала вядома, што Дзяржкамітэт Украіны па пытаннях тэлебачання і радыёвяшчання ўвёў санкцыі ў дачыненні шэрагу расійскіх выдавецтваў. Прычына - "выпуск антыўкраінскай літаратуры" і "распальванне варожасці". У чорны спіс у ліку іншых трапілі кнігі Эдуарда Лімонава, Захара Прылепіна і Аляксандра Дугіна. Раней афіцыйны Кіеў увёў санкцыі ў дачыненні інфармагенцтва "Расія сёння" і заблакіраваў доступ да шэрагу інтэрнэт-рэсурсаў.