Асабістыя фінансавыя фонды кандыдатаў у прэзідэнты павялічаныя ў 3 разы

14 мая 2015

Асабістыя фінансавыя фонды кандыдатаў у прэзідэнты 2015 года павялічаныя ў 3 разы. Пра гэта сёння паведаміла старшыня ЦВК Беларусі на пасяджэнні камісіі. Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, на выбарах будуць працаваць 155 тэрытарыяльных выбарчых камісій. Калі галасаванне пройдзе ў адзін тур, плануецца выдаткаваць сто восемдзесят мільярдаў рублёў. Большая частка сумы пойдзе на зарплату супрацоўнікаў выбарчых камісій, меней за 20% - на матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне. Таксама кіраўнік ЦВК паведаміла, што дзяржаўнага фінансавання перадвыбарнай агіткампаніі кандыдатаў у прэзідэнты не будзе.

Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў: "Калі мяне пытаюць, колькі будзе кандыдатаў у прэзідэнты, на колькі вы разлічваеце, я адказваю, што ў нас няма такіх разлікаў. Мы не будзем вылучаць грошы кандыдатам. Яны будуць праводзіць агітацыйную кампанію за кошт таго, што збяруць самі. Але затое мы ім павялічылі магчымасць асабістых фінансавых фондаў з 3 000 базавых велічынь да 9 000".

Падчас гутаркі з журналістамі кіраўнік ЦВК адзначыла, што з кожным годам павялічваецца колькасць палітычна актыўных жанчын. Таму не выключана, што ў будучыні прэзідэнтам Беларусі можа стаць прадстаўніца прыгожага полу.