Пра гэта сёння паведаміла старшыня ЦВК Беларусі на пасяджэнні камісіі. Па словах Лідзіі Ярмошынай, на выбарах будуць працаваць 155 тэрытарыяльных выбарчых камісій. Іх створаць не пазней чым за 80 дзён да выбараў. Тэрмін паўнамоцтваў скончыцца пасля аб'яўлення вынікаў. На прэзідэнцкія выбары, калі яны пройдуць у адзін тур, плануюць патраціць 180 мільярдаў беларускіх рублёў. Большая частка - зарплата супрацоўнікаў выбарчых камісій. Астатнія сродкі (гэта каля 20 працэнтаў ад сумы) пойдуць на тэхнічнае пераабсталяванне. У прыватнасці, на закупку празрыстых урнаў, якія робяць галасаванне больш адкрытым. Сёлета асаблівая ўвага людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Так, для слабавідушчых выбаршчыкаў бюлетэні будуць надрукаваныя шрыфтам Брайля. Таксама кіраўнік ЦВК паведаміла, што дзяржфінансавання перадвыбарнай агіткампаніі кандыдатаў у прэзідэнты не будзе.
Лідзія Ярмошына, старшыня ЦВК Беларусі: "Калі ў мяне пытаюцца, колькі будзе кандыдатаў у прэзідэнты, на колькі вы разлічваеце, я адказваю, што ў нас няма такіх разлікаў. Мы не будзем выдзяляць грошы кандыдатам. Яны будуць праводзіць агітацыйную кампанію за кошт таго, што збяруць самі. Але затое мы ім павялічылі магчымасць асабістых фінансавых фондаў з 3 тысяч базавых велічынь да 9 тысяч".
Найбольш верагодная дата выбараў - 15 лістапада. Падчас зносінаў з журналістамі кіраўнік ЦВК адзначыла, што з кожным годам колькасць палітычна актыўных жанчын павялічваецца. Таму не выключана, што ў будучыні Прэзідэнтам Беларусі можа стаць прадстаўніца прыгожага полу.













